Лінкі ўнівэрсальнага доступу

86% беларусаў гатовыя ваяваць за Беларусь


Такія вынікі паказала апытаньне, праведзенае кампаніяй MIA Research у траўні-чэрвені сёлета. Дасьледаваньне было праведзенае на замову Дасьледнага цэнтру Інстытуту мэнэджмэнту і прыватызацыі ў межах праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Разьвіцьцё Кастрычніцкага эканамічнага форуму». Мэтай апытаньня было вывучэньне каштоўнасьцяў насельніцтва Беларусі.

Свабода ўжо публікавала некаторыя вынікі гэтага дасьледаваньня, якія тычыліся задаволенасьці жыцьцём і пачуцьця шчасьця.

Апроч іншых, таксама задавалася пытаньне «Калі здарыцца вайна, ці будзеце вы змагацца за сваю краіну?» На яго станоўча адказалі 85.6% апытаных, адмоўна – 14.4%.

Гэта значна больш, чым у апытаньнях НІСЭПД трохгадовай даўніны, паводле якіх супраць уварваньня Расеі ці NATO былі гатовыя супраціўляцца са зброяй у руках прыкладна па чвэрці апытаных.

Праўда, пытаньне ў анкеце MIA Research улетку сёлета было сфармуляванае ў больш абстрактнай форме, без пазначэньня гіпатэтычнага агрэсара.

Лічба, блізкая да гатовых ваяваць за Беларусь, атрымалася ў адказах на пытаньне, ці ганарыцеся вы Беларусьсю – ганарацца сваёй краінай 85.8% апытаных.

Гонар за краіну ня тоесны задаволенасьцю жыцьцём у ёй. Паводле таго самага апытаньня, поўнага задавальненьня сваім жыцьцём ня выказаў наагул ніводзін з апытаных, пра пэўнае, частковае задавальненьне паведамілі 31% рэспандэнтаў. Праўда, і цалкам незадаволеных аказалася ўсяго 5%. Так што сваёй краінай ганарацца ня столькі таму, што ў ёй добра жывецца, колькі таму, што яна свая.

У апытаньні задавалася некалькі пытаньняў пра моўныя практыкі рэспандэнтаў і пра іх стаўленьне да беларускай мовы.

Дадзеныя апытаньня MIA Research цікава параўнаць з дадзенымі перапісу 2009 году, тады мовай хатняга ўжытку назвалі беларускую 23% ад усіх жыхароў краіны, расейскую – 70%. Можна меркаваць, што ладная частка людзей, якія ў адказах на апытаньні кшталту праведзенага MIA Research пазначалі камунікацыю на дзьвюх мовах ці на іх сумесі, падчас перапісу называюць мовай хатняга ўжытку беларускую.

Нягледзячы на тое, што па-беларуску дома гаворыць ня большасьць, пэўную пашану і сантымэнт да беларускай выказвае як раз большасьць.

У самым пытаньні анкеты наконт мовы для сваіх дзяцей закладзеная перавага расейскай мовы. А чаму не наадварот – ці хацелі б вы, каб вашыя дзеці гаварылі на расейскай гэтак жа добра, як і на беларускай? Напэўна, сацыёлягі сыходзілі і з уласнага жыцьцёвага досьведу, і з дадзеных перапісаў. Але паказальна, што роўнасьці моваў, прынамсі для сваіх дзяцей, хацела б пераважная большасьць. Параўнаньне з папярэдняй дыяграмай паказвае, што гэтага хацела б ладная частка тых, хто дома гаворыць толькі па-расейску.

І, як бачна на апошняй дыяграме, хаваць беларускую мову гатовыя нямногія.

Дадзеныя апытаньня сьведчаць пра наяўнасьць вялікага патэнцыялу прынамсі пашырэньня ўжытку беларускай мовы. Беларусы могуць гаварыць па-расейску, але беларуская для іх – каштоўнасьць, якая не павінна памерці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG