Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваеннае становішча як папярэджаньне


Прэзыдэнт Пятро Парашэнка выступае ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны падчас абмеркаваньня ўвядзеньня ваеннага становішча, 26 лістапада 2018
Прэзыдэнт Пятро Парашэнка выступае ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны падчас абмеркаваньня ўвядзеньня ваеннага становішча, 26 лістапада 2018

Ва Ўкраіне прэзыдэнт Парашэнка падпісаў указ аб увядзеньні ваеннага становішча, Вярхоўная Рада ўхваліла дакумэнт.

Законы Ўкраіны даволі дакладна вызначаюць чыньнікі гэтага становішча. Але камэнтары ўкраінскіх афіцыйных прадстаўнікоў наконт гэтага рашэньня, прапанаванага на пасяджэньні ваеннага кабінэту ў нядзелю, тычыліся па большай частцы тым, чым яно ня будзе. Прэзыдэнт Парашэнка тлумачыў, што яно ня будзе азначаць абавязкова баявых дзеяньняў, ня будзе азначаць абавязковай новай мабілізацыі, ня будзе азначаць абмежаваньняў правоў чалавека.

Ужо ў панядзелак днём, калі Вярхоўная Рада пачала абмяркоўваць прапанову аб ваенным становішчы, кіраўнік Украіны скарэктаваў свой уласны ўказ і заявіў, што прапануе ўвесьці ваеннае становішча не на 60 дзён, як плянавалася першапачаткова, а на 30.

Так выглядае, што прынамсі ў гэтай апошняй прапанове пераважалі чыньнікі, зьвязаныя з выбарамі. Паводле закону выбарчая кампанія павінная пачацца за тры месяцы да дня галасаваньня. У цяперашняй украінскай сытуацыі кампанія, калі не пераносіць выбары, павінная пачацца 31 сьнежня. Падчас ваеннага становішча на любыя формы публічнай актыўнасьці накладаюцца істотныя абмежаваньні. Такім чынам дзейны прэзыдэнт Украіны, скарачаючы тэрмін, на які ўводзіцца ваеннага становішча, пакінуў магчымасьць правесьці выбары ў вызначаны тэрмін.

Больш за тое, Вярхоўная Рада, ухваліўшы ваеннае становішча, адмыслова пацьвердзіла, што прэзыдэнцкія выбары адбудуцца ў апошні дзень сакавіка ў наступным годзе.

Менш за ўсё хацелася б павучаць украінцаў. Гэта іх краіна, іх выбар, яны плацяць вельмі высокую цану — і грашыма, і крывёй. Наўрад ці яны маюць у патрэбу ў павучэньнях замежнікаў.

Ваеннае становішча — адказ не любой цаной

Але варта проста зафіксаваць, што ваеннае становішча ўва Ўкраіне, якое некаму падаецца момантам ісьціны, было прынятае з увагі на шэраг разнастайных чыньнікаў, якія скарэктавалі форму гэтага стану. Гэта зусім не дзеяньні паводле прынцыпу — любой цаной.

Па ідэі, калі прыйшоў час апошняга і рашучага бою — то якія наагул выбары? Ну значыць пазьней пройдуць, можа і няхутка, калі бой апошні і рашучы.

Ну і наагул — як ваеннае становішча, выкліканае агрэсіяй замежнай дзяржавы, можа спалучацца з захаваньнем дыпляматычных адносінаў з агрэсарам і шматмільярдным гандлёвым абаротам зь ім?

Ну вось можа. Бо МВФ не дае грошы ваюючым дзяржавам, бо гандаль з Расеяй — крытычны для Ўкраіны. Ну а выбары...

Я асабіста як раз ня думаю, што самая ідэя ўвесьці ваенная становішча была з боку Пятра Парашэнкі спосабам перанесьці выбары. Я ня думаю, а многія думаюць, ва Ўкраіне ў тым ліку. Адпаведныя абвінавачваньні гучалі сёньня з трыбуны Вярхоўнай Рады з вуснаў лідэраў парлямэнцкіхз фракцый.

І Парашэнка ўлічыў гэтыя развагі, адрэагаваў на іх, яны для яго маюць значэньне. Значыць, вымушаны, значыць, у яго разуменьні, як палітыка, няма ва Ўкраіне настрою — любой цаной.

Да таго ж да гэтага не схіляе і міжнародная рэакцыя. Краіны Захаду, NATO, ЭЗ асудзілі напад расейскіх вайскоўцаў на ўкраінскія караблі ў Чорным моры, усклалі адказнасьць выключна на яе. І далей? А далей ... заклікалі да дээскаляцыі. Гэта значыць да прымірэньня, да кампрамісу. Як заклікаць да міру, калі ёсьць пэўнасьць у тым, хто вінаваты? Так жа, як да іх заклікаюць і Менскія пагадненьні.

Мы ня ведаем, што гаворыцца і абяцаецца непублічна. Але зрабіць нейкія рашучыя крокі ніхто, прынамсі, публічна, не абяцае і пасьля інцыдэнту ў Чорным моры. І Парашэнка мусіць і гэта ўлічваць.

Ці прадухіліць ваеннае становішча паўтарэньне інцыдэнту 25 лістапада?

Напэўна, ваеннае становішча з тымі абмежаваньнямі, зь якімі яно ўводзіцца, усё ж умацуе абарончыя магчымасьці Ўкраіны. Магчыма, збольшага гэта будзе папярэджаньнем Расеі, псыхалягічным чыньнікам узьдзеяньня.

Расея ўпершыню выкарыстала зброю супраць Украіны публічна, афіцыйна і дэманстратыўна.

З пэўнага погляду гібрыдная вайна, шляхам якой быў анэксаваны Крым і якая працягваецца на ўсходзе Ўкраіны, дзеяньні яшчэ больш падступныя. Але, як той казаў, няшчырасьць — даніна, якую загана прыносіць дабру. Зараз не палічылі патрэбным плаціць і гэтую даніну.

Украіна проста не магла не адказаць на гэта. Гэта адказ быў зроблены дазавана, ваеннае становішча — гэта не вайна. І гэта добра.

Зь іншага боку, незразумела, ці дастаткова будзе гэтага, каб прадухіліць паўтарэньне інцыдэнту 25 лістапада.

Зьбіты расейскі самалёт і захопленыя ўкраінскія суда

Вяртаючыся да гэтага інцыдэнту, варта сказаць, што напад расейскіх ВМС і спэцназу на ўкраінскія караблі 25 лістападу 2018 году стаў люстэркавым адбіткам інцыдэнту 24 лістападу 2015 году, калі турэцкія СПА зьбілі расейскі баявы самалёт.

Што зараз гаворыць Расея? Украінскія караблі парушылі дзяржаўную мяжу Расеі. Украінскі бок кажа, што хаця Кіеў і не прызнае сувэрэнітэт Расеі над Крымам, але яе караблі не парушалі мяжу, якую ўсталявала Расея вакол паўвострава.

Але дапусьцім, што ўкраінскія караблі ўсё ж перасяклі мяжу, якую расейцы вызначылі вакол Крыму. Ну дык па зьвестках турэцкага боку расейскі самалёт у 2015 годзе перасёк без дазволу турэцкую мяжу, уляцеў на турэцкую тэрыторыю. Расея тады гэта адмаўляла, паводле яе самалёт быў зьбіты над Сырыяй, а не над Турэччынай.

Зусім як Украіна зараз. Слова супраць слова. Але якой тады была рэакцыя Масквы на зьбіты самалёт? Гнеў, пагрозы, санкцыі, разрыў гандлёвых сувязяў.

Дарэчы, у рэшце рэшт Анкара не выбачылася, а выказала шкадаваньне. Турэччына не прызнала, што зьбіла самалёт за межамі сваёй сувэрэннай тэрыторыі.

Супраць парушальніка мяжы трэба абавязкова ўжываць зброю? Тады ў расейцаў такая лёгіка выклікала абурэньне. Між тым можна паспрабаваць яго спыніць іншым шляхам альбо ніяк не спыняць.

Самалёт калі і заляцеў тады на тэрыторыю Турэччыны, то нічога там не атакаваў. Украінскія караблі калі і падплылі блізка да Крыму, дык ні на што не нападалі. І тое, што караблі падплылі блізка да Крыму, дык гэта магло адбыцца па безьлічы прычынаў, зь якіх сьвядомы манэўр — хіба не апошняя.

Цяпер у расейцаў выклікае шаленства тое, што ўкраінцы рэагуюць на цяперашні інцыдэнт гэтак жа, як Расея рэагавала на зьнішчэньне яе самалёта Турэччынай.

* * *

А афіцыйны Менск тым часам маўчыць. Проста маўчыць, не выціснуўшы зь сябе нават словаў пра пажаданасьць мірнага вырашэньня спрэчак. І гэтае маўчаньне — знак адчуваньня, што пасьля атакі на ўкраінскія караблі ў Чорным моры вайна стала бліжэй ня толькі да Ўкраіны, але і да Беларусі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG