Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачнецца суд паводле скаргі Ганны Красулінай, якую высылаюць зь Беларусі


Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

18 сьнежня а 16-й гадзіне павінен пачацца суд з нагоды скаргі прэсавай сакратаркі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай. Яна зьвярнулася ў суд Маскоўскага раёну Менску з просьбай адмяніць рашэньне раённага ўпраўленьня ўнутраных спраў аб высылцы яе з Рэспублікі Беларусь.

Выслаць Ганну Красуліну зь Беларусі пастанавіла раённае міліцэйскае ўпраўленьне. Гарадзкая міліцыя, куды раней зьвярнулася са скаргай актывістка АГП, падтрымала рашэньне раённых уладаў.

«Я пакуль ведаю толькі тое, што маю справу будзе разглядаць судзьдзя Вольга Гусакова. Чула пра яе, што гэта спадарыня ўжо даволі сталага веку, якая цалкам абслугоўвае ўладу. Што будзе, пабачым. Калі рашэньне спадарыні Гусаковай будзе для мяне адмоўным, у мяне застаецца апошняя магчымасьць — абскарджваць яе вырак у Менскім гарадзкім судзе. На сёньняшні суд, акрамя маёй адвакаткі Натальлі Мацкевіч, прыйдзе юрыст Гары Паганяйла, а ў якасьці сьведак выступяць мой муж і Анатоль Лябедзька, зь якім я шмат гадоў працавала ў партыйных структурах», — сказала Свабодзе Ганна Красуліна.

ААН прыняла дзьве скаргі Красулінай

Актывістку АГП высылаюць за тры правапарушэньні — два адміністрацыйныя і адзін неаплачаны праезд у грамадзкім транспарце. Але, паводле Красулінай, з Камітэту правоў чалавека ААН, куды яна зьвярталася, прыйшоў адказ, што дзьве яе справы з трох прынятыя да разгляду.

«Я веру, што Камітэт ААН мяне падтрымае. І тады выйдзе, што мяне высылаюць зь Беларусі за праезд у грамадзкім транспарце без талёнчыка. Уяўляю, колькі людзей у такім выпадку мусяць выкінуць зь Беларусі!» — кажа Красуліна.

Што важна ведаць пра высылку Ганны Красулінай?

Міграцыйная служба Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла 13 лістапада прэс-сакратарцы АГП Ганьне Красулінай пра рашэньне аб яе высылцы «ў інтарэсах грамадзкага парадку».

Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

Прычынай для высылкі Красулінай сталі адміністрацыйныя правапарушэньні:

  1. пікет падчас выбарчай кампаніі;
  2. сустрэча з ізалятара затрыманых;
  3. сплачаны на месцы штраф за неаплачаны праезд.

У АГП лічаць, што матывы дэпартацыі — палітычныя.

Тэрмін высылкі: 1 год.

Хто такая Красуліна?

Ганна Красуліна нарадзілася ў Расеі і мае расейскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства. Сваіх бацькоў Красуліна перавезла ў Беларусь.

Красуліна мае пасьведчаньне на жыхарства ў Беларусі да 30 студзеня 2019 году.

Каго яшчэ высылалі і дэпартавалі зь Беларусі?

У 2011 годзе беларускія ўлады дэпартавалі з краіны журналіста газэты «Маскоўскі камсамолец» Ігара Кармазіна, заявіўшы, што ён нясе пагрозу бясьпецы краіны.

Алена Танкачова
Алена Танкачова

У 2014 годзе ўлады пазбавілі віду на жыхарства і дэпартавалі на 3 гады праваабаронцу Алену Танкачову. Сёлета Танкачова атрымала дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі.

Карэспандэнта тэлеканалу НТВ Аляксандра Ступнікава ў 1997 годзе пазбавілі акрэдытацыі і выслалі зь Беларусі. У 2003 годзе прадстаўніцтва НТВ у Беларусі зачынілі, а яго кіраўніка Паўла Селіна дэпартавалі з краіны бяз права ўезду тэрмінам на 5 гадоў. У 2009-м зь Беларусі дэпартавалі журналістаў расейскай тэлекампаніі НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку, якія здымалі сюжэт пра зьніклых апазыцыянэраў.

У 2006-м дэпартавалі расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава.

Агнешка Рамашэўская
Агнешка Рамашэўская

13 сьнежня 2005 году карэспандэнтцы Польскага тэлебачаньня Агнешцы Рамашэўскай было адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь, нягледзячы на дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У чэрвені 2004-га за парушэньне «правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў» дэпартавалі ва Ўкраіну на 5 гадоў намесьніка рэдактара газэты «Время» Міхаіла Падаляка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG