Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Маскве абверг, што яны з Пуціным надакучылі адзін адному


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з расейскім лідэрам Уладзімерам Пуціным заявіў, што кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў ніколі ня змогуць надакучыць адзін аднаму, таму што ў іх ёсьць шмат агульных пытаньняў.

«Я пажартаваў, што мы надакучылі адзін аднаму. Але, напэўна, ніколі адзін аднаму надакучыць ня зможам, таму што ёсьць пытаньні, якія трэба абмяркоўваць, сур’ёзна пагаварыць аб далейшым нашым суіснаваньні ў гэтым складаным сьвеце, нікуды ад гэтага не падзецца, таму што праблемы трэба вырашаць», — цытуе Лукашэнку RIA Новости.

29 сьнежня Аляксандар Лукашэнка зноў з рабочым візытам у Расеі. Лукашэнка і яго расейскі калега маюць намер «працягнуць размову па актуальных пытаньнях беларуска-расейскага супрацоўніцтва, якія бакі падрабязна абмеркавалі ў розных фарматах на сустрэчы ў Крамлі 25 сьнежня».

Прэс-сакратар расейскага лідэра Дзьмітрый Пяскоў заявіў 29 сьнежня, што Крэмль разглядае перамовы прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі як чарговы крок у бок саюзніцкіх адносін, але не чакае ад іх прарыўных рашэньняў.

«Уласна, посьпехам будзе лічыцца яшчэ адзін крок у бок разьвіцьця нашых саюзніцкіх адносін. Гэта шлях доўгі. Тут наўрадці даводзіцца чакаць нейкіх прарыўных рашэньняў, таму што гэта досыць складаная субстанцыя. Акрамя таго, ёсьць пытаньні, якія, скажам так, менш маштабныя, але ня менш важныя для кожнага з бакоў, таму прэзыдэнты будуць падымаць гэтыя пытаньні», — заявіў Пяскоў журналістам, адказваючы на пытаньне пра тое, што будзе лічыцца посьпехам у перамовах Пуціна і Лукашэнкі.

Папярэдняя сустрэча беларускага і расейскага лідэраў адбылася таксама ў Маскве 25 сьнежня. Яна цягнулася амаль чатыры гадзіны, але да канкрэтных дамоваў не прывяла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG