Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты-дасьледчыкі знайшлі афшорныя мільёны атачэньня Пуціна


Каляж
Каляж

Праз адзін з найбуйнейшых расейскіх прыватных інвэстыцыйных банкаў «Тройка Дыялёг» было адмыта каля $ 9 млрд. Аб гэтым гаворыцца ў новым расьсьледаваньні журналістаў міжнароднага Праекту па расьсьледаваньні арганізаванай злачыннасьці і карупцыі (OCCRP).

У матэрыяле «Тройка-Пральня» сьцьвярджаецца, што схема дазваляла людзям, зьвязаным з арганізаванай злачыннасьцю, і карупцыянэрам сыходзіць ад падаткаў і хаваць сваю маёмасьць за мяжой.

Сярод тых, хто згадваецца ў расьсьледаваньні і, як сьцьвярджаецца, выкарыстаў гэтую схему, — віялянчэліст Сяргей Ралдугін, якога называў сваім сябрам прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Ралдугін таксама згадваўся ў іншым расьсьледаваньні OCCRP — так званым «Панамскім дасье». У ім сьцьвярджалася, што праз афшоры на імя Ралдугіна прайшлі каля $ 2 млрд.

Адна з кампаніяў на Брытанскіх Віргінскіх выспах, якія ўваходзяць у схему «Пральні», Quantus Division Ltd. таксама за тры гады перавяла каля $ 200 тыс. на рахункі дабрачыннай арганізацыі брытанскага прынца Чарльза Prince Wales’s Charity.

Расьсьледаваньне стала магчымым дзякуючы буйной уцечцы банкаўскіх дакумэнтаў. У расьсьледаваньні таксама ўдзельнічаў літоўскі сайт 15min.lt.

«Тройка Дыялёг», як сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні, у сярэдзіне 2000-х гадоў стварыла сетку ня менш як з 76 афшорных кампаніяў, якія адкрывалі рахункі, у прыватнасьці, у літоўскім Ukio Bankas, які закрыўся ў 2013 годзе. Паводле дадзеных журналістаў, рахункі адкрываліся на імёны падстаўных асобаў, частка зь якіх нават ня ведала пра колькасьць грошай, што праходзяць праз гэтыя рахункі.

Грошы з Расеі адмываліся праз рахункі ў гэтым банку. Фінансавыя апэрацыі, як сьцьвярджаецца, пераважна былі фальшывымі — грошы пералічваліся за пастаўку неіснуючых тавараў і паслуг. Зь літоўскага банку яны выводзіліся на рахункі ў заходніх банках.

Сьцьвярджаецца, што на рахункі, зьвязаныя з Ралдугіным, такім чынам было выведзена $ 69 млн.

Паводле дадзеных OCCRP, «Тройка-Пральня» выкарыстоўвалася, у тым ліку, для вываду з Расеі грошай, лёс якіх расьсьледаваў Сяргей Магніцкі, які загінуў у маскоўскім СІЗА ў 2009 годзе. Схемы дазвалялі таемна набываць долі ў дзяржаўных кампаніях і нерухомасьць за мяжой, гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Галоўным акцыянэрам «Тройкі Дыялёг» быў інвэстыцыйны банкір Рубэн Варданян. У 2012 годзе «Тройка Дыялёг» была прададзеная Ашчадбанку, атрымаўшы назву Sberbank CIB.

Ашчадбанк на расьсьледаваньне журналістаў пакуль не адрэагаваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG