Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвядуць новыя санкцыі супраць Кубы, Нікарагуа і Вэнэсуэлы


Архіўнае фота, 5 сакавіка 2017 году. Прэзыдэнт Нікарагуа Даніэль Артэга, прэзыдэнт Кубы Рауль Кастра і прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура (зьлева направа)
Архіўнае фота, 5 сакавіка 2017 году. Прэзыдэнт Нікарагуа Даніэль Артэга, прэзыдэнт Кубы Рауль Кастра і прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура (зьлева направа)

Санкцыі стануць яшчэ адным інструмэнтам ціску на рэжым Мадура ў Вэнэсуэле.

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША 17 красавіка ўвядзе новыя санкцыі ў дачыненьні да Вэнэсуэлы, Кубы і Нікарагуа, паведамлілі «Голасу Амэрыкі» крыніцы ў Белым доме.

Адміністрацыя Дональда Трампа дамагаецца адыходу Нікаляса Мадура ад улады і прызнаньня лідэра Нацыянальнай асамблеі (парлямэнту краіны) Хуана Гуайдо ў якасьці новага прэзыдэнта Вэнэсуэлы. Урад Гуайдо ўжо прызналі ўлады больш як 50 краін сьвету.

Джон Болтан, дарадца прэзыдэнта Трампа ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, абвесьціць пра новыя санкцыі супраць трох краін 17 красавіка ў час наведваньня Маямі, расказала крыніца. Паводле яе, адміністрацыя не выключае прымяненьня любых дзеяньняў у дачыненьні да Вэнэсуэлы, сытуацыя ў якой цяпер «усё бліжэйшая да пераломнага моманту».

«Мы хочам мірнай перадачы ўлады [у Вэнэсуэле], але мы настроены на тое, што перадача ўлады адбудзецца. Хай Мадура і ягоныя сябры задумаюцца аб тым, што значаць гэтыя словы», — кажа высокапастаўлены чыноўнік у Адміністрацыі прэзыдэнта.

Паводле суразмоўцы «Голасу Амэрыкі», апошнія тры месяцы Белы дом рабіў «максымальны ціск» на рэжым Мадура і сытуацыя «блізкая да поўнага зьмяшчэньня [дзейнага] ураду». «Было б памылкай сьцьвярджаць, што сытуацыя [у Вэнэсуэле] зайшла ў тупік», — дадаў суразмоўца.

ЗША таксама ўзмацняе ціск на Кубу ў спробах зрушыць Мадура.

«Рэальна ціснуць на вярхі ўраду Вэнэсуэлы на сёньняшні дзень ад 20 да 25 тысяч кубінцаў [якія знаходзяцца ў краіне]. Але як для кубінцаў, так і для расейцаў усё можа быць ужо скончана», — сьцьвярджае высокапастаўлены амэрыканскі чыноўнік.

Акрамя таго, адміністрацыя Трампа 17 красавіка аб’явіць пра тое, што суды ў ЗША ўпершыню пачнуць прымаць пазовы супраць замежных кампаній, якія выкарыстоўваюць на Кубе ўласнасьць, канфіскаваную ў амэрыканскіх грамадзян у 1960 гадах пасьля перавароту, арганізаванага Фідэлем Кастра.

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG