Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі санкцыі супраць расейцаў з атачэньня Кадырава


Цэнтральны офіс Міністэрства фінансаў ЗША
Цэнтральны офіс Міністэрства фінансаў ЗША

Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць грамадзян Расеі з атачэньня кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава і іншых датычных да парушэньняў правоў чалавека ў Расеі. Абмежаваньні прынятыя ў адпаведнасьці з законам Магніцкага.​

Акрамя таго, пад санкцыі трапіў чачэнскі спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня «Тэрэк».

Усяго ў новым сьпісе пяць чалавек: гэта Руслан Герамееў, Абуйдаз Вісмурадаў, Генадзь Карлаў, Сяргей Косіеў і Алена Трыкулі.

  • Вісмурадаў узначальвае ахову Кадырава і камандуе «Тэрэкам». Кадыраў раней пісаў, што знаёмы зь Вісмурадавым зь дзяцінства.
  • Герамееў — былы камандзір «Тэрэка» і роты батальёну «Поўнач». Сродкі інфармацыі паведамлялі пра яго імаверную датычнасьць да арганізацыі забойства апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова ў лютым 2015 году.
  • Косіеў — былы начальнік калёніі № 7 у расейскім рэгіёне Карэлія. Ён стаў вядомы пасьля заявы актывіста Ільдара Дадзіна аб зьбіцьці падчас адбыцьця тэрміну. Косіеў зьяўляецца адным з абвінавачаных у справе аб катаваньнях зьняволеных. Судовы працэс пачаўся ў канцы 2018 году.
  • Карлаў — супрацоўнік Сьледчага камітэту Расеі. Ён разглядаў скаргі ў справе юрыста фонду Hermitage Capital Сяргея Магніцкага.
  • Трыкулі — сьледчая, адмовілася заводзіць крымінальную справу на датычных да гібелі Магніцкага.

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў, камэнтуючы рашэньне ЗША, напісаў у тэлеграм-канале, што «Тэрэк» зьяўляецца адным з найлепшых падразьдзяленьняў у барацьбе з тэрарызмам. Калі ЗША на найвышэйшым узроўні абмяркоўваюць пытаньне «Тэрэка» і яго камандзіра Вісмурадава, значыць, Вашынгтон баіцца Чачэніі, заявіў Кадыраў.

Юрыст фонду Hermitage Capital Сяргей Магніцкі расьсьледаваў схемы крадзяжу грошай з расейскага бюджэту. Яго арыштавалі праз абвінавачваньне ў карупцыі. Магніцкі памёр у маскоўскім СІЗА ў 2009 годзе.

Закон Магніцкага быў распрацаваны ў 2012 годзе ў ЗША. Дакумэнт вызначаў кола асобаў, якія маюць дачыненьне да гібелі ў сьледчым ізалятары юрыста фонду Hermitage Capital Сяргея Магніцкага і ўводзіў забарону на ўезд у ЗША і фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да расейскіх чыноўнікаў. Цяпер у «сьпіс Магніцкага» ўключаюць адказных за парушэньні правоў чалавека. Пазьней свае «акты Магніцкага» ўхвалілі Канада і краіны Балтыі. Вялікая Брытанія ўхваліла першую частку «акту Магніцкага» ў 2017 годзе. Дакумэнт тычыцца замарожваньня актываў тых, хто мае дачыненьне да парушэньняў правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG