Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь разьлічвае да канца году кампэнсаваць страты ад бруднай расейскай нафты 


Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры
Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры

Канцэрн «Белнафтахім» разьлічвае да канца гэтага году атрымаць ад Расеі кампэнсацыю асноўных стратаў праз пастаўкі ў Беларусь «бруднай нафты» або зрабіць разлікі, якія ня будуць выклікаць спрэчак.

Пра гэта ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў старшыня канцэрну Андрэй Рыбакоў .

«На дадзены момант ідзе адпрацоўка з расейскім бокам розных мэханізмаў кампэнсацыі. На жаль, яна ня так хутка адбываецца. Праца вядзецца пастаянна, разьлічваем, што да канца году мы зможам асноўную масу стратаў кампэнсаваць альбо зрабіць якасныя, выразныя разьлікі, якія ня будуць выклікаць спрэчак паміж намі і суб’ектамі Расейскай Фэдэрацыі».

Пасьля гэтага, па словах кіраўніка «Белнафтахіму», плянуецца кампэнсаваць астатнія страты беларускага боку праз сытуацыю з пастаўкамі «бруднай нафты».

Сёлета 19 красавіка «Белнафтахім» заявіў аб рэзкім пагаршэньні якасьці расейскай нафты Urals, якая паступае па трубаправодзе «Дружба». Склад хлёрарганічных злучэньняў у дзясяткі разоў перавышаў гранічныя значэньні згодна са стандартам.

У выніку шэраг краін спынілі прымаць і перапрацоўваць расейскую нафту. Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку вымушана зьнізілі загрузку магутнасьцяў і панесьлі істотныя страты, шкода нанесеная і трубаправоднай сыстэме.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG