Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая супраць Янукевіча: ці варта Беларусі выходзіць з Эўразійскага саюзу?


Што б вы рабілі на пасадзе прэзыдэнта ў сытуацыі цяперашняга нафтавага крызісу? Ці прэзыдэнцкая гэта справа – забясьпечваць пастаўкі нафты ў краіну? У выпадку, калі вы станеце прэзыдэнтам, вы выведзеце Беларусь з Эўразійскага саюзу?

Свае адказы на гэтыя пытаньні Праскага акцэнту даюць палітыкі Ганна Канапацкая і Аляксей Янукевіч.

Сьцісла:

Канапацкая

  • Мая задача як прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь будзе не працаваць дырэктарам «Белнафтахіму», а ўзяць каманду прафэсіяналаў, якая вырашыць пытаньне зь імпартам нафты
  • Нічога не перашкаджае на свабодным рынку таму ж «Белнафтахіму» паслаць заяўку на пакупку нафты ў Лёндан ці Ратэрдам
  • Сёньня нацыянальны эканамічны інтарэс Беларусі палягае ў 7 мільёнах тонаў нафты, 2 зь якіх мы здабываем ў Беларусі, астатнія 19 мільёнаў тонаў, якія мы просім па ільготнай цане — гэта для чаго?
  • Дамова аб стварэньні ЭАЭС і сам гэты саюз — для Беларусі гэта добра

Янукевіч

  • Каб сапраўды вырашыць нафтавую праблему стратэгічна, патрэбная дывэрсыфікацыя, трэба зьменшыць залежнасьць Беларусі ад расейскай нафты
  • Дзяржава можа даваць зарабіць беларускім кампаніям, заходнім кампаніям, але не расейскім — гэта мая прынцыповая пазыцыя
  • У сёньняшні момант адмова ад расейскай нафты, ад расейскіх інвэстараў, можа даць кароткачасовы нэгатыўны эфэкт, але мы павінныя мець дзяржаўніцкае бачаньне
  • У мяне вельмі ясная пазыцыя — трэба выходзіць і з ЭАЭС, а ня толькі з АДКБ і з саюзнай дзяржавы

Як вырашыць нафтавую галаваломку?

Дракахруст: Вы бераце ўдзел у праймэрыз, выказалі жаданьне і гатоўнасьць стаць прэзыдэнтам Беларусі.

Як вы зьбіраецеся вырашаць бадай самую вострую эканамічную праблему, перад якой цяпер стаіць Беларусь? У студзені толькі адна расейская кампанія пастаўляла нафту ў Беларусь, яна паставіла менш за чвэрць ад заплянаванага. У лютым, здаецца, пастаўкі яшчэ ніжэйшыя.

Тым часам ВУП краіны ў студзені упаў прыкладна на 2%.

Нібыта ў выніку перамоваў Лукашэнкі і Пуціна 21 лютага нафтавая праблема была неяк вырашаная. Але пакуль невядома, на якіх умовах. Вельмі шмат розначытаньняў і супярэчнасьцяў у тлумачэньнях. Але, прынамсі, на працягу студзеня і большай часткі лютага ў Лукашэнкі вырашыць гэты нафтавы крызіс атрымлівалася ня надта.

А ў вас атрымалася б лепш? І як?

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Канапацкая: Безумоўна, у мяне атрымалася б нашмат лепш. Трэба дакладна разьдзяліць пэрсанальную кішэню і рэспубліканскі бюджэт. І трэба мець дакладную інфармацыю. Вось у вас, Юры, яна недакладная. Насамрэч не адна кампанія пастаўляла ў Беларусь нафту ў студзені. Так, яны можа быць належаць адной асобе ці афіляваныя зь ёй, але гэта было некалькі кампаніяў.

Дракахруст: Гэта прынцыповы момант на фоне таго, што было пастаўлена ў 4 разы менш, чым было заплянавана?

Канапацкая: Праблема ня толькі ў тым, што Расея нам ня хоча пастаўляць нафту. Праблема ў якасьці працы дзяржаўных чыноўнікаў, адказных за міжнародныя кантракты. Калі «Белнафтахім» ня ў стане ў адпаведнасьці з дамоўленасьцямі скласьці неабходную заяўку і падаць пакет неабходных дакумэнтаў — гэта таксама праблема.

Мая задача як прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь будзе не працаваць дырэктарам «Белнафтахіму», а ўзяць каманду прафэсіяналаў, якая вырашыць пытаньне зь імпартам нафты.

Мая ідэя вырашэньня гэтага пытаньня — гэта стварэньне міжнародных кансорцыюмаў па эксплюатацыі нашых НПЗ.

Можа быць, гэта будзе перадача іх у кіраваньне гэтаму кансорцыюму, можа быць, гэта будзе частковы продаж акцыяў удзельнікам гэтага кансорцыюму ў парытэтных долях. Магчыма, у гэты кансорцыюм увойдуць і беларускія, і расейскія, і амэрыканскія, і брытанскія, і францускія ўдзельнікі. Мая задача будзе — стварыць належныя ўмовы для таго, каб НПЗ, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, чыгунка, працавалі ў роўных умовах прававых нормаў Рэспублікі Беларусь.

І няважна, што гэта будзе за бізнэс. І няважна, дзе мы будзем купляць нафту — на лёнданскай біржы, у Ратэрдаме ці ў Расеі. НПЗ будуць самі вырашаць гэтыя пытаньні.

Янукевіч: У межах той схемы стасункаў з Расеяй у нафтавай сфэры, якая існуе цяпер, доўгатэрміновага рашэньня той праблемы, якая цяпер узьнікла, проста не існуе.

І ўсе тыя хады, якія можа ўжываць Лукашэнка ў адказ на шантаж з боку Расеі (падвышэньне транзытных тарыфаў, пагроза адбору транзытнай нафты), могуць даваць пэўны вынік, але ён ня будзе стабільным і доўгатэрміновым.

Для таго, каб сапраўды вырашыць нафтавую праблему стратэгічна, патрэбная дывэрсыфікацыя, трэба зьменшыць залежнасьць Беларусі ад расейскай нафты.

Тут ёсьць шмат альтэрнатываў, прычым альтэрнатываў рэнтабэльных. Можа, маржа і ня будзе настолькі выгаднай, як цяпер. Але можна і варта арыентавацца і на амэрыканскую нафту, тым больш што амэрыканцы нядвухсэнсоўна падкрэсьлілі, што яны зацікаўленыя ў гэтым і тут ёсьць ня толькі эканамічны складнік, але і геапалітычны.

Ёсьць іншыя крыніцы нафты, апроч Расеі, і на іх трэба арыентавацца. І гэта ў пэрспэктыве дазволіць пазьбегнуць такіх шокаў пад кожны новы год.

Ці павінен прэзыдэнт забясьпечваць пастаўкі нафты?

Дракахруст: Вашая канкурэнтка Вольга Кавалькова сказала у маёй перадачы «Я зьбіраюся змагацца за фатэль прэзыдэнта, а не кіраўніка канцэрну «Белнафтахім». Вы, Ганна, амаль паўтарылі яе словы: «Мая задача як прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь будзе не працаваць дырэктарам «Белнафтахіму».

Сэнс я зразумеў так, што павінныя працаваць спэцыялісты, павінен працаваць бізнэс. Як казалі ў гады позьняй перабудовы, рынак усё расставіць на свае месцы. А не прэзыдэнт павінен здабываць нафту для краіны. Вы і праўда так думаеце?

Вось прыгадваецца, што ў 2008 годзе, калі грымнуў эканамічны крызіс у ЗША, то і прэзыдэнт Буш, і яго наступнік Абама, не гаварылі: Рынак усё расставіць на свае месцы, дзяржава — гэта «начны вартавы», яе справа — забясьпечваць выкананьне законаў і абароняць правы, а якія на што цэны, куды што пастаўляецца — гэта ня нашая справа, хай рынак працуе.

Дык вось яны так не казалі. А вы, Ганна, кажаце. Чаму?

Канапацкая: Сёньня прэзыдэнт ЗША Трамп кажа, што першае — гэта Яго Вялікасьць рынак. А мы ў Беларусі сёньня эканамічнае пытаньне, нават не міжнароднага ўзроўню, а пытаньне адносінаў гаспадарчых суб’ектаў, выносім на палітычны ўзровень.

Вы спасылаецеся на ЗША. Калі там, скажам, тамтэйшыя нафтавыя кампаніі выносілі на ўзровень прэзыдэнта пытаньне, дзе ім лепш купляць нафту?

Дракахруст: Я вам адкажу, Ганна. У 1973 годзе OPEC падняла цану на нафту ў 3 разы. І тады ўрады ЗША і іншых заходніх краінаў, у тым ліку і «рукамі», займаліся гэтай праблемай, а не казалі — рынак усё расставіць па сваіх месцах.

Канапацкая: У нас сёньня ў Беларусі існуе чыста эканамічная праблема. Некалькі суб'ектаў гаспадараньня, якімі зьяўляюцца «Белнафтахім», «Раснафта», Мазырскі і Наваполацкі НПЗ, ня могуць паміж сабой дамовіцца. А ня могуць, апроч усяго іншага, і таму, што ня выкананыя перамоўныя працэдуры, прадугледжаныя кантрактам.

Калі ў кантракце напісана, што «Белнафтахім» зьяўляецца прадстаўніком двух беларускіх НПЗ, штомесяц падае заяўку, а «Белнафтахім» гэтага ня робіць, бо яго не задавальняе цана — дык нічога не перашкаджае на свабодным рынку таму ж «Белнафтахіму» паслаць гэтую заяўку ў Лёндан ці Ратэрдам. Туды, дзе ёсьць свабодны доступ да нафты.

І не прэзыдэнт павінен вырашаць пытаньне, дзе і па якой цане купляць нафту.

Так, нафта на свабодным рынку можа быць даражэй. Так, гэта можа ўдарыць па пэрсанальным бюджэце тых асобаў, якія сёньня маюць выключнае права на пастаўку нафты і яе перапрацоўку.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Янукевіч: Адна з першасных задачаў улады — гэта абарона нацыянальных інтарэсаў. Рынак шмат у чым выгодны, больш эфэктыўны. Але рынак не вырашае ўсіх пытаньняў, і гэта разумелі і ведалі тэарэтыкі і практыкі рынку. Рынак ня ўлічвае шмат якія важныя рэчы. І пра такія рэчы павінная клапаціцца менавіта дзяржава.

Дзяржава можа даваць зарабіць беларускім кампаніям, заходнім кампаніям. Але не расейскім — гэта мая прынцыповая пазыцыя. Прыклад Польшчы і шмат якіх іншых краінаў сьведчыць, што расейскі капітал не прыносіць новыя тэхналёгіі, не стварае даданую вартасьць, ён скіраваны на дабіваньне існуючых магчымасьцяў, на здыманьне вяршкоў з наступным выхадам з рынку і пакіданьнем разбуранай інфраструктуры.

Чым вы лепшыя адно за аднаго?

Дракахруст: Вы чулі думкі адно аднаго. Вы абое сказалі, што вы вырашыце нафтавую праблему лепш за Лукашэнку. А чым вашае вырашэньне лепшае за тое, якое прапануе ваш сёньняшні суразмоўца?

Канапацкая: Сёньня мы ня можам абмежаваць доступ расейскіх кампаніяў на беларускі рынак. Расейскія кампаніі зьяўляюцца ўладальнікамі сыравіны. І няважна, як мы будзем яе купляць — ці мы будзе наўпрост са сьвідравіны праз нафтаправоды, ці мы будзем купляць тую ж расейскую нафту празь біржу і вазіць танкерамі ці чыгункай.

Я згодная з тым, што ўлада, у тым ліку і ў асобе прэзыдэнта, павінная захоўваць нацыянальныя эканамічныя інтарэсы. Але сёньня нацыянальны эканамічны інтарэс Беларусі палягае ў 7 мільёнах тонаў нафты, 2 зь якіх мы здабываем ў Беларусі. Так што нам патрэбна дадаткова толькі 5 мільёнаў тонаў.

Астатнія 19 мільёнаў тонаў, якія мы просім па ільготнай цане — гэта для чаго? У чым тут наш нацыянальны інтарэс? Каб Беларусь стала нафтавым афшорам і для некага перапрацоўвала нафту, не папаўняючы бюджэт?

Навошта мы просім гэтыя 19 мільёнаў тонаў, робячы гэта прадметам палітычнага гандлю? Я катэгарычна супраць гэтага.

І гэта і ёсьць абарона нацыянальных інтарэсаў.

Янукевіч: Ганна — выдатны юрыст. Але яна робіць клясычную памылку, якую робяць юрысты. Яны надаюць вялікую увагу дэталям. Але за гэтымі дрэвамі яны ня бачаць лесу, агульнай карціны.

Калі я кажу пра нацыянальныя інтарэсы — я маю на ўвазе стратэгічнае разьвіцьцё на 10-20 гадоў наперад. У сёньняшні момант адмова ад расейскай нафты, ад расейскіх інвэстараў, можа даць кароткачасовы нэгатыўны эфэкт. І Ганне, як юрысту, хочацца гэтага пазьбегнуць. Але мы павінныя мець дзяржаўніцкае бачаньне.

У свой час прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган у змаганьні з камуністычнай сыстэмай паводле палітычных прычынаў спрыяў рэзкаму зьніжэньню сусьветнай цаны нафты. Гэта мела свае нэгатыўныя наступствы і для Амэрыкі.

Але была дасягнутая палітычная мэта, важная для нацыянальных інтарэсаў Амэрыкі — нівэляваньне міжнароднай вагі СССР.

ЭАЭС для Беларусі: хібы і перавагі

Дракахруст: Удзельнікі праймэрыз абяцаюць дамагацца выхаду з АДКБ і саюзнай дзяржавы. Але у вашых супольных абавязаньнях не напісана абяцаньня выйсьці з Эўразійскага саюзу. Цяпер нафта для Беларусі каштуе 83-85% ад сусьветнай цаны. І гэта — дзякуючы таму, што Беларусь у ЭАЭС. Пастаўкі беларускага цукру, малака, МАЗаў прадаюцца ў Расеі без мыта. І гэта — вынік ЭАЭС. Ваш выбар: заставацца ў саюзе ці выходзіць, ахвяруючы пералічанымі перавагамі саюзу?

Янукевіч: У мяне вельмі ясная пазыцыя — трэба выходзіць і з ЭАЭС, а ня толькі з АДКБ і з саюзнай дзяржавы. Гэтыя выгоды ад Эўразійскага саюзу — уяўныя. Празь сяброўства ў ЭАЭС мы губляем магчымасьць бязмытнага гандлю з краінамі ЭЗ. Ясна, што мы не павінны выходзіць з ЭАЭС у нікуды. Гэта павінна быць увязана з ўсталяваньне бязмытных адносінаў з Эўразьвязам ці зь істотным зьніжэньнем мыта.

І там гандлёвыя стасункі ня будуць завязаныя на палітычныя выбрыкі нашых партнэраў, як гэта мае месца ў стасунках з РФ. Мы бачым, як нашая малочная прадукцыя ўвесь час блякуецца ў Расеі. Фармальна саюз існуе, але ўвесь час ладзяць беларускім таварам і вытворцам дыскрымінацыю.

Сёньня ў Беларусі няма ніводнай практычнай прычыны заставацца ў нават у эканамічным саюзе з Расеяй.

Канапацкая: Я — за пазаблёкавы статус Рэспублікі Беларусь. Гэта азначае выхад з АДКБ і пераход на кантрактнае войска. Таксама я лічу, што дамова аб стварэньні саюзнай дзяржавы павінна быць дэнансаваная. Яна парушае незалежнасьць і сувэрэнітэт ня толькі Беларусі, але і Расеі. Яна будзе дэнансаваная калі ня з боку Беларусі, дык з боку Расеі ў працэсе цяперашніх зьменаў расейскай Канстытуцыі.

У Расеі ёсьць юрысты, якія гатовы сёньня ў Вярхоўным судзе Расеі адстойваць гэтую пазыцыю.

Дамова аб стварэньні ЭАЭС і самы гэты саюз — для Беларусі гэта добра. У гэтай дамове прадугледжаныя адзіныя цэны для ўсіх удзельнікаў саюзу па нафце і газу да 2025 году. І ня толькі РФ зьяўляецца ўдзельнікам гэтай дамовы.

З Расеяй, як нашым бліжэйшым суседам і эканамічным партнэрам, як з нашым асноўным крэдыторым, мы павінныя падтрымліваць роўнапраўныя адносіны. Дакладна такія ж роўнапраўныя адносіны мы павінныя будаваць зь іншымі краінамі, у тым ліку і з суседзямі.

Дракахруст: Але быць адначасова і ў мытным саюзе з Расеяй, і нават у зоне вольнага гандлю з ЭЗ немагчыма. Гэта кажуць і ў Брусэлі, і ў Маскве, гэта казалі Ўкраіне ў 2014 годзе — вы ня можаце мець і адно і іншае разам.

Што павінная выбраць Беларусь?

Канапацкая: Я чытала і адну, і іншую дамову. Нідзе няма абмежаваньняў. ЭЗ ня проста дэкляруе прынцып вяршэнства права, ён па ім жыве. І ніхто ў ЭЗ ня можа ўзяць на сябе адказнасьць, каб нейкую краіну абмежаваць у выбары гандлёвых партнэраў.

Дракахруст: Вы кажаце пра роўныя ўмовы. Але ёсьць мыта ці яго няма — гэта сувэрэннае рашэньне саюзу ці краіны. Калі вы ў гэтым мытным саюзе — з вас не спаганяюць мыта пры гандлі ўнутры саюзу. Калі вы не ў саюзе — плаціце мыта.

Вы, прэзыдэнт Канапацкая, пераканаеце і Маскву, і Брусэль, што мы можам гандляваць бяз мыта і з аднымі, і з дургімі, што можна быць у зоне вольнага гандлю з ЭЗ і ў мытным саюзе з РФ?

Канапацкая: Так, я хачу сказаць гэта. У Рэспубліцы Беларусь сёньня няма алігархічнага капіталу, няма групаў уплыву, якія ёсьць ва Ўкраіне, якія кіруюцца інтарэсамі сваёй кішэні. Таму так — сёньня магчымыя роўныя гандлёвыя стасункі з усімі ўдзельнікамі сусьветнага рынку. І я, як прэзыдэнт Ганна Канапацкая, гэтыя магчымасьці буду рэалізоўваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG