Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад каранавірусу памёр 39-гадовы выкладчык Вайсковай акадэміі. У яго засталося трое дзяцей


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Менску ад каранавірусу памёр 39-гадовы падпалкоўнік Аляксей Смародзін. Ён выкладаў на катэдры тылавога забесьпячэньня Вайсковай акадэміі. Сьмерць наступіла ў панядзелак, 22 чэрвеня, пасьля двух месяцаў у бальніцы, піша «Наша Ніва».​

У войска Смародзін пайшоў па сьлядах бацькі. Скончыў Вайсковую акадэмію. Быў камандзірам аэрадромнай эксплюатацыйнай роты на авіябазе ў Мачулішчах, пасьля — кіраўніком першага аддзелу захоўваньня ўзбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі. З 2018 году выкладаў у акадэміі.

З жонкай Тацянай яны жылі разам 20 гадоў. Цяпер яна засталася адна з трыма дзецьмі: малодшай дзяўчынцы 7 гадоў, сярэдняму сыну — 9, старэйшай дачцэ — 17.

У вайсковы шпіталь Аляксей трапіў яшчэ 25 красавіка. Пасьля яго перавялі ў менскі НПЦ хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі.

«Заразіцца мог паўсюль... Аналізы на каранавірус узялі 25 красавіка, 2 траўня зрабілі пераліваньне плязмы з антыцеламі, каб выратаваць, хоць вынік тэсту яшчэ быў невядомы. 5 траўня прыйшоў станоўчы вынік. Увесь гэты час муж быў у рэанімацыі і ў кіслароднай масцы», — успамінае Тацяна.

Апошні раз жонка чула голас Аляксея 14 траўня.

«Ён коратка паведаміў, што яго падключаюць да ШВЛ і ён усіх любіць, усё будзе добра», — успамінае тую размову жонка.

Тацяна ўдзячная мэдыкам, якія змагаліся за жыцьцё мужа:

«Асабліва дактары НПЦ на Сямашкі. Яны рабілі ўсё магчымае і немагчымае. Але не атрымалася...»

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG