Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Зьмітра Паліенкі ператрус, на яго завялі крымінальную справу


Зьміцер Паліенка
Зьміцер Паліенка

У Менску ў прыватным доме актывісткі грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» рэжысэркі Вольгі Мікалайчык, дзе жывуць анархіст Дзьмітры Паліенка і ягоная жонка Наста, 8 ліпеня прайшоў ператрус у межах крымінальнай справы.

Вольга Мікалайчык паведаміла БелаПАН, што вобшук доўжыўся прыкладна з 14.30 да 16.30. Яго праводзілі шэсьць чалавек, працэс здымалі на відэакамэру. Яны не назваліся, копію пратаколу ператрусу з вопісам канфіскаваных рэчаў ёй не пакінулі.

Ператрус у Зьмітра і Насты Паліенкаў
Ператрус у Зьмітра і Насты Паліенкаў

Паводле Мікалайчык, пастанова на ператрус была выпісаная на яе імя, бо яна гаспадыня дома.

«Я — гаспадыня дома, але вобшук фактычна быў не ў мяне, а ў Паліенкі, яны ў мяне жывуць з Настай, — сказала Мікалайчык. — У іх пакой на 20 мэтраў квадратных на другім паверсе, мансарда ў старым доме ў прыватным сэктары. Але яны (сілавікі — рэд.) абшукалі два паверхі. Шукалі кампутары, сыстэмныя блёкі. У нас іх няма, таму што я вінная прыставам за штрафы, таму я ім сказала, што я ўжо даўно ўсё прадала».

Паводле Мікалайчык, ператрус праводзілі ў межах крымінальнай справы, але артыкул, на падставе якога распачалі справу, назваць не змагла: «Я стомленая, 30 дзён не спала, не памятаю нават, ці напісаны быў наогул артыкул у пастанове».

«Мне сказалі, што Дзьмітры Паліенка, які тут жыве, выставіў нейкі пост [у сацсетках] 20-га дня, які абразіў міліцыю. Я ім сказала, што я сядзела, што толькі ўчора ўвечары прыехала з 30 сутак арышту, нічога ня ведаю і ня буду камэнтаваць, сказала не задаваць мне ніякіх пытаньняў», — адзначыла Мікалайчык.

8 ліпеня Першамайскі суд Менску арыштаваў Паліенку на 15 сутак за «заклік да флэшмобу». Падчас перапынку ў судзе Паліенка паведаміў праваабаронцам, што ў гэты ж дзень яго вазілі ў Маскоўскае РУУС, дзе апыталі ў межах крымінальнай справы аб абразе супрацоўніка міліцыі.

Зьміцер Паліенка і цяпер адбывае пакараньне па крымінальнай справе. 25 кастрычніка 2019 году суд прызнаў яго вінаватым у «асабліва злосным хуліганстве» (ч. 3 арт. 339 КК) і прыгаварыў да 3 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. Па амністыі пакараньне скарацілі на год і прызначылі Паліенку прымусовае лячэньне ад алькагалізму.

Улады перасьледуюць Паліенку ўжо больш за 4 гады. Першы раз яго прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за ўдзел у роварным прабегу «Крытычная маса» ў красавіку 2016 году ў Менску. Актывіста абвінавацілі ў «гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка праваахоўных органаў» за тое, што парваў куртку міліцыянту. Беларускія праваабаронцы тады прызналі Паліенку палітвязьнем. Пасьля анархіста затрымлівалі ў кастрычніку 2018-га і ў сакавіку 2019 году.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG