Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль баскетбалістку Леўчанку судзілі за акцыі, старшыня фэдэрацыі абараняў сілавікоў 


Максім Рыжанкоў падчас сустрэчы з грамадзянамі, архіўнае фота
Максім Рыжанкоў падчас сустрэчы з грамадзянамі, архіўнае фота

У той час, як у Менску паўторна судзілі найбольш вядомую беларускую баскетбалістку Алену Леўчанку, старшыня Фэдэрацыі баскетболу, першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Максім Рыжанкоў прымаў грамадзянаў у Смаргонях на Горадзеншчыне.

Як піша sb.by, жыхар вёскі Асінаўка выказаў занепакоенасьць мітынгамі, запатрабаваўшы «далажыць наверх» думку народу.

«Сталі гучаць заклікі не хадзіць на працу, не аплачваць камунальныя паслугі, браць арматуру, блякаваць праезную частку. Калі гэта было, каб работніка міліцыі машынай таранілі? На кавалкі парваць мала за гэта. А нашы праваахоўнікі стрыманасьць праяўляюць», — абурыўся пэнсіянэр.

«Цяпер ужо не праявяць», — запэўніў Максім Рыжанкоў.

Пры гэтым расказаў, што трэба зрабіць, каб на вуліцы вярнулася «талерантнасьць».

«Цяпер чамусьці чалавек зь іншай думкай — вораг. Раздваеньне краіны нічога добрага не абяцае. У аснове нашай дзяржавы заўсёды была сацыяльная палітыка. І ніхто — нават з тых, хто сёньня ходзіць па вуліцах, — ня скажа, што ў нас нельга рэалізаваць свае памкненьні, што працавіты чалавек ня зможа сябе праявіць і зарабіць», — падзяліўся сваім бачаньнем Рыжанкоў.

Ён выказаў зьдзіўленьне адукаванымі людзьмі, у якіх ёсьць асабнякі і машыны, але «усё яшчэ чагосьці не хапае». Радыкальная альтэрнатыва — не найлепшы выбар, лічыць чыноўнік. І зьвязаў гэта са «стратай гарантаванай аховы здароўя, бясплатнай адукацыі, пэнсійнага забесьпячэньня, падтрымкі сем’яў зь дзецьмі».

«У многіх недасканалае ўяўленьне, што прэзыдэнта прыбяром — і застанемся на тым жа ўзроўні. Пазбаўцеся стрыжня, якім зьяўляецца прэзыдэнт, — і сыстэму ўжо не зьбярэш. Народ вывелі на вуліцу: увялі ў гульню, толькі не кампутарную, у якой дзесяць жыцьцяў. Кагосьці выключаць з унівэрсытэту, кагосьці ў турму пасадзяць. І жыцьцё пайшло пад адхон», — падсумаваў Максім Рыжанкоў.

Пра тое, што за грамадзянскую пазыцыю трапіла за краты найлепшая баскетбалістка Беларусі, старшыня фэдэрацыі не згадаў. Пасьля 15 сутак арышту Алену Леўчанку пакаралі паўторна — гэтым разам штрафам у памеры 810 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG