Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Скажаш, што нам трэба, — адпусьцім». Як амапаўцы прымусілі хлопца гаварыць пра дымавыя шашкі


​26-гадовы Павал Кабуш, якога затрымалі 8 лістапада ў Менску і аштрафавалі на 540 рублёў, расказаў, як амапаўцы прымусілі яго гаварыць на відэа пра дымавыя шашкі, якія ён нібыта хацеў кідаць у амапаўцаў. Павал расказаў Свабодзе, што насамрэч у яго не было ніякіх шашак, ён іх не кідаў і не зьбіраўся кідаць.

Павал Кабуш займаецца кампутарнай графікай. Яго затрымалі паміж стэлай і станцыяй мэтро «Няміга». Ён не супраціўляўся, калі яму сказалі ісьці ў мікрааўтобус.

«У іншай сытуацыі я, вядома, уцякаў бы, як ня раз было, але тут АМАПу рэальна было процьма і перакрыта ўсё з усіх бакоў», — кажа ён.

У бусе яму загадалі стаць на калені, білі па галаве і прымусілі сказаць пароль ад тэлефона.

Што напісалі афіцыйныя СМІ?

Сайт афіцыйнай газэты sb.by паказаў відэа, на якім Паўла ў бусе дапытваюць амапаўцы. Загалоўкі артыкулаў былі шматабяцальныя: «Цьвікі пад коламі, дымавыя шашкі, камяні ў кішэнях — акцэнты вулічныя бандыты расставілі ўжо з пачатку нямірнага пратэсту», «Адны зьбіраліся кідаць дымавыя шашкі, іншыя „гулялі“ з каскамі і камянямі. У Менску — чарговы марш». У Паўла амапаўцы пыталіся на відэа:

— Раскажыце, зь якой мэтай вы прыйшлі на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства?

— З мэтай закідаць шашкамі...

— Якімі шашкамі?

— ...супрацоўнікаў АМАПу. Дымавымі.

— Дзе вырабляліся шашкі?

— Шашкі вырабляліся... Я ня ведаю, дзе.

На гэтым паказанае відэа абрываецца.

Што было папраўдзе?

Калі амапаўцы атрымалі доступ да тэлефона Паўла, то ўбачылі ў ім фрагмэнты кліпа, якія хлопец пакінуў на памяць. Месяц таму як супэрвайзэр спэцэфэктаў ён браў удзел у здымках кліпа для музычнай групы Korn, які рабіўся на замову кампаніі Wargameing.

«Здымкі праходзілі ў пяшчаным кар’еры за Менскам. Для стварэньня атмасфэры спэцыяльна навучанымі прафэсіяналамі-піратэхнікамі выкарыстоўваліся дымавыя машыны і дымавыя шашкі (на відэа відаць, як акуратна зь імі абыходзіліся, кідаць іх, вядома, хутчэй за ўсё, немагчыма). Ды і наогул дымавыя шашкі ніякай шкоды не наносяць, іх у асноўным для прыгажосьці і выкарыстоўваюць, можна знайсьці адпаведныя відэа на ютубе», — кажа Павал Кабуш.

Амапаўцы пачалі распытваць пра гэта відэа, знойдзенае ў тэлефоне Паўла. Яны былі ўпэўнены, што гаворка ідзе пра выраб шашак для нападу на АМАП.

«Сталі пытацца (крыкам): „Навошта рабілі дымавыя шашкі?!“ На што я ў зьдзіўленьні адказваў, што ніякіх шашак не рабіў. Іх такі адказ не задавальняў, і яны працягвалі біць па галаве ўсё мацней і перапытваць усё ў больш агрэсіўнай манеры. Па іхным тоне было зразумела, што іншы адказ іх не задаволіць, ды і ў вушах ужо зьвінела. Потым амапавец, які сядзеў на пярэднім сядзеньні, сказаў нешта накшталт: „Скажаш, што нам трэба, — усё будзе добра, адпусьцім“. На што я падумаў: ого, гэта кшталту яны хочуць зь мяне прызнаньне выбіць, як бывае ва ўсякіх фільмах».

Павал кажа, што амапаўцы мелі вельмі сур’ёзныя намеры, таму не было іншага выйсьця, як падыграць.

Афіцыйныя СМІ абрэзалі відэа

Афіцыйныя СМІ паказалі толькі частку запісу. Павал расказаў, пра што амапаўцы пыталіся на відэа далей і што ён ім адказваў.

«Паказалі толькі частку, і выйшла неяк так:

— А хто рабіў шашкі?

— Э-э-э... Я ня ведаю.

— Дзе вы іх хацелі кідаць?

— М-м-м, а дзе вы хочаце?

— На Пушкарах?

— Ну добра, няхай на Пушкарах.

— Як даведаліся, як іх рабіць?

— Гм-м, ну можа, з тэлеграм-каналаў? (ім такі адказ асабліва спадабаўся, яны такія: „Так, сапраўды, тэлеграм-каналы“).

— Зь якіх тэлеграм-каналаў?

— Гм-м, ну няхай можа зь „Нехты“?

— Якой яшчэ „Нехты“?

Павал Кабуш кажа, што тут у амапаўцаў зьявіліся нейкія сумневы.

«Яны спыталі: вось у цябе на тэлефоне відэа, дзе вы рыхтуеце дымавыя шашкі для нападу на АМАП. Тут я, вядома ж, зразумеў, пра што гаворка, і патлумачыў адкуль гэтыя відэа і як мы іх зрабілі».

«На сьпіне намалявалі чырвоны крыж»

Ампаўцы паспрабавалі нанава запісаць допыт, але Павал казаў ужо, што ніякіх шашак не рабіў, і патлумачыў, як зьявіліся відэа ў яго тэлефоне.

«Яны, вядома ж, засмуціліся, адзін сказаў другому, што я ўжо нічога не скажу. Мяне павярнулі тварам у сядзеньне, яшчэ пару разоў ударылі, сьцягнулі рукі сьцяжкамі. Рукі пазначылі фарбай з балёнчыка, а на сьпіне намалявалі чырвоны крыж. Сказалі, што на крыміналку я ўжо нагаварыў», — апавядае Павал.

Пазьней, калі Паўла перасаджвалі ў аўтазак, амапаўцы сказалі канваіру, маўляў, ёсьць доказы, што ён рыхтаваў напад на АМАП.

«Я сказаў, што няма ніякіх доказаў, і за гэта адразу атрымаў ад канваіра сурʼёзны ўдар у жывот і зразумеў, што спроба была наіўная. З таго часу ня мела значэньня, што здарылася, чырвоны крыж проста азначаў, што гэтага чалавека трэба жорстка біць. Рэбры дагэтуль баляць. У аўтазаку сказалі клясычнае „Прымі жорстка“, пабілі і пасадзілі ў клетку, потым туды падсадзілі яшчэ трох хлопцаў. Давезьлі да РУУС, там хлопцаў вывелі, а мяне пакінулі ў аўтазаку, каб яшчэ раз пабіць. Пасьля гэтага павялі ў РУУС з усімі, трохі дабаўляючы па дарозе».

«Потым далі азнаёміцца з тым, у чым мяне вінавацяць»

У пастарунку ў Паўла спыталіся, за што яму намалявалі крыж. Калі ён дастаў асабістыя рэчы, а сярод іх былі незвычайныя навушнікі, спыталі, ці выкарыстоўваліся яны для сувязі з каардынатарамі.

«Пасьля гэтага сьледчы сказаў мне: „Тэрарыст, так?“ і накіраваў далей чакаць. Потым далі азнаёміцца з тым, у чым мяне вінавацяць. І там быў звычайны ўдзел у масавым мерапрыемстве — адміністрацыйка».

У пратаколе напісалі, што віну цалкам прызнаў, праходзіў міма і падышоў паглядзець, пасьля чаго быў затрыманы.

Павал Кабуш цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі. Ён скончыў факультэт радыёфізыкі і кампутарных тэхналёгій Белдзяржунівэрсітэту з чырвоным дыплёмам.

«Спакойна працаваў і да выбараў, вядома, як і ўсе, разумеў, што ўсё дрэнна, але больш клапаціўся пра сябе. Як і многія думаў, што нас занадта мала і нічога ня выйдзе. Цяпер жа ўпэўнены, што нас большасьць і ў нас няма шанцу прайграць», — кажа Павал.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG