Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволенага анархіста Францкевіча вінавацяць ва «ўдзеле ў злачыннай арганізацыі»


Аляксандар Францкевіч
Аляксандар Францкевіч

Палітвязьні Аляксандар Францкевіч, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк падазраюцца ва «ўдзеле ў злачыннай арганізацыі».

Ад сваякоў палітычнага зьняволенага Аляксандра Францкевіча Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што супраць яго, а таксама супраць Акіхіра Гаеўскага-Ханады, Андрэя Чапюка і яшчэ некалькіх чалавек пачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэксу («Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме»).

Таксама вядома, што цяпер Францкевіча вінавацяць паводле ўсіх трох частак артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу — «Арганізацыя масавых беспарадкаў, удзел у іх, навучаньне ці іншая падрыхтоўка да ўдзелу».

Варта адзначыць, што арганізацыя «Анархічны Чорны крыж» з прычыны ўнутраных канфліктаў больш ня лічыць Францкевіча пасьлядоўнікам анархісцкіх ідэяў. Але выказала «крытычную салідарнасьць» зь ім як пацярпелым ад рук лукашэнкавага рэжыму, паколькі «ГУБАЗіК перасьледуе Францкевіча менавіта як анархіста». У канцы жніўня анархісты паведамлялі, што Францкевіча і Гаеўскага-Ханаду катавалі ў КДБ, прымяняючы да іх электрашокер, і змушалі даць паказаньні супраць сябе.

Хто яшчэ з анархістаў за кратамі?

Акрамя названых асобаў, у сьпісе зьняволеных анархістаў ёсьць таксама Іван Красоўскі. Два анархісты, Мікіта Емяльянаў і Іван Комар, ужо адбываюць пакараньні за напад на будынак суду і сьледчы ізалятар. Іх трымаюць адпаведна ў Магілёўскай і Шклоўскай калёніях, праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

За кратамі таксама Ігар Аліневіч, Дзьмітры Дубоўскі, Сяргей Раманаў і Дзьмітры Разановіч, якіх падазраюць ва ўзброеным нападзе на будынкі сілавікоў. Іх праваабаронцы пакуль палітвязьнямі не прызналі, спаслаўшыся на недастатковасьць наяўнай інфармацыі пра іх справы.

У няволі знаходзіцца і журналіст, публіцыст анархісцкага руху Мікола Дзядок, якому прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Сам актывіст не прызнае сябе вінаватым. Яго прызналі палітзьняволеным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG