Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША захоўваецца падвышаная пагроза ўнутранага тэрарызму


Усталяваньне згароды з калючага дроту каля Капітолія, студзень 2021
Усталяваньне згароды з калючага дроту каля Капітолія, студзень 2021

Амэрыканскія спэцслужбы занепакоеныя пагрозай актаў гвалту ў дачыненьні да службовых асобаў і ўрадавых установаў, а таксама нападаў на аб’екты інфраструктуры

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША апублікавала прэсавы рэліз Нацыянальнай сыстэмы апавяшчэньня аб тэрарызьме (NTAS), якая папярэджвае аб тым, што падвышаная пагроза ўнутранага тэрарызму захаваецца яшчэ некалькіх тыдняў пасьля інаўгурацыі прэзыдэнта.

Апублікаваная інфармацыя сьведчыць аб тым, што «некаторыя ідэалягічна матываваныя экстрэмісты, якія выступаюць супраць зьмены прэзыдэнта і сілкуюцца ілжывымі наратывамі, могуць працягваць мабілізацыю для падбухторваньня або ўчыненьня гвалту», — гаворыцца ў рэлізе.

Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША занепакоенае тэндэнцыяй да гвалту, якая захоўваецца ў першыя месяцы 2021 года. Паводле заяве ведамства, некаторыя экстрэмісты, натхнёныя штурмам Капітолія, могуць плянаваць «напады на абраных службовых асобаў і ўрадавыя ўстановы». Спэцслужбы ЗША таксама занепакоеныя пагрозамі інфраструктуры краіны, уключаючы энэргетычны сэктар, тэлекамунікацыі і сыстэму аховы здароўя.

Джозэф Фітсанакіс, прафэсар амэрыканскага ўнівэрсытэту Coastal Carolina, адзначае — папярэджаньне міністэрства ўнутранай бясьпекі пацьвярджае высновы незалежных экспэртаў.

«Дадзеныя дэманструюць, што напад на Капітолій 6 студзеня — гэта была не кульмінацыя антыдэмакратычнага руху, гэта, хутчэй, былі першыя стрэлы, якія азначаюць пачатак доўгага пэрыяду бунту супраць улады. Гэты мяцеж можа прымаць мноства формаў, некаторыя будуць больш жорсткімі, чым іншыя. Такім чынам, інстытуты забесьпячэньня бясьпекі дзяржавы павінныя падрыхтавацца да доўгай тэрарыстычнай пагрозы, якую ўзначальваюць розныя групоўкі ўнутраных ваяўнічых экстрэмістаў. Мне здаецца, што заява міністэрства ўнутранай бясьпекі паказвае, што службы выведкі і бясьпекі ўсьвядомілі зацяжны характар пагрозы і зараз актыўна да яе рыхтуюцца», — лічыць экспэрт.

На мінулым тыдні ФБР арыштавала 44-гадовага жыхара Каліфорніі, у якога былі канфіскаваныя пяць самаробных бомбаў, 49 адзінак агнястрэльнай зброі і 15 тысяч патронаў. Падазраваны меў намер учыніць акты гвалту супраць ідэалягічных праціўнікаў.

«Нашая ўвага надаецца людзям, якія плянуюць выкарыстоўваць агнястрэльную зброю і выбуховыя прылады», — заявіў тады спэцыяльны агент ФБР Крэг Фэір.

У чацьвер выканаўца абавязкаў начальніка паліцыі Капітолія прапанавала ўсталяваць сталую загароду вакол будынка Кангрэсу і прыняць іншыя меры бясьпекі.

У чацьвер каля Капітолія быў арыштаваны 71-гадовы жыхар Заходняй Вірджыніі, у якога быў знойдзены пісталет і 20 патронаў, а таксама сьпіс сэнатараў і кангрэсоўцаў, якія прадстаўляюць яго штат — паведаміў прадстаўнік сталічнага дэпартамэнту паліцыі.

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі заявіла аб неабходнасьці ўзмацненьня мераў бясьпекі.

«Нам, верагодна, спатрэбяцца дадатковыя сродкі для ўзмацненьня бясьпекі чальцоў Кангрэсу, улічваючы, што вораг знаходзіцца ўсярэдзіне Палаты прадстаўнікоў — гэта пагроза, якая хвалюе чальцоў Кангрэсу ў дадатак да таго, што адбываецца звонку», — лічыць яна.

Пэлосі, магчыма, мела на ўвазе сябра Кангрэсу ад Рэспубліканскай партыі Марджары Грын, якая ў 2019 абвінаваціла сьпікера ў дзяржаўнай здрадзе, прыстрашыўшы яе сьмяротным пакараньнем. На мінулым тыдні іншы заканадаўца-рэспубліканец — Эндзі Гарыс — паспрабаваў пранесьці ў будынак Кангрэсу пісталет.

Тым часам паліцыя Капітолія ўзмацняе меры бясьпекі на транспартных вузлах у раёне Вялікага Вашынгтону і робіць іншыя крокі дзеля бясьпекі заканадаўцаў.

Тым часам ФБР заявіла, што на цяперашні момант вызначаныя асобы 400 падазраваных, якія бралі ўдзел у штурме Капітолія 6 студзеня, супраць 150 зь іх распачатыя крымінальныя справы. Абвінавачваньні ўключаюць незаконнае пранікненьне на абʼекты фэдэральнай уласнасьці, крадзеж і пашкоджаньне дзяржаўнай уласнасьці і напад на супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG