Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка заклікаў дэманізаваць «Ўсебеларускі народны сход» і рыхтавацца да 25 сакавіка


Павал Латушка.
Павал Латушка.

Павал Латушка, які знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі, выказаўся пра плян дзеяньня аб'яднанай плятформы апазыцыі.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка акрэсьліў асноўныя кірункі дзейнасьці плятформы, у якую абʼядналіся тры структуры – штаб Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада і Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва.

«Перамагчы сыстэму можа толькі сыстэмная дзейнасьць», – заявіў Павал Латушка ў ранішнім эфіры беларускага праекту польскага Радыё Ўнэт.

Паводле яго, асноўная дзейнасьць будзе ажыцьцяўляцца «па такіх кірунках, як замежная палітыка, эканамічная сытуацыя, пытаньні бясьпекі ці расколу ў сілавых структурах, камунікацыі зь дзяржаўнымі службоўцамі, якія гатовы перайсьці на бок народу; інфармацыйная праца».


Павал Латушка лічыць, што галоўнае – «дасягнуць на вясну бягучага году максымальнай мабілізацыі беларускага грамадзтва, маштабаваньня пратэставай актыўнасьці беларусаў».

«Пляны на найбліжэйшы час, гэта, зразумела, дэманізаваць так званы Ўсебеларускі народны сход, які зьбірае Лукашэнка таемна, калі выбіраюцца на гэты сход прадстаўнікі чынавенства; менавіта толькі прадстаўнікі ўлады самі і хочуць вырашаць у імя нібы інтарэсаў народу далейшыя шляхі разьвіцьця. Калі на гэтым Усебеларускім сходзе будуць прынятыя рашэньні, зьвязаныя са зьменай Канстытуцыі, – гэта будзе прамое парушэньне заканадаўства і ўсе асобы, якія возьмуць у ім удзел, будуць у пэрспэктыве прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці».

«Наступнае – гэта Дзень Волі 25 сакавіка. Гэта найважнейшая гістарычная дата для беларусаў. Вы бачыце, як сёньня беларусы змагаюцца за права мець свой гістарычны сьцяг, бел-чырвона-белы. Зразумела, што вясна – гэта момант абуджэньня, гэта момант росквіту… І мы верым у нашу агульную справу, у нашу агульную перамогу. Ня можа так быць, каб у цэнтры Эўропы адзін народ так сыстэматычна, мэтадычна і штодня падвяргалі гвалту, рэпрэсіям, зьдзекам, і каб гэты народ не перамог».

Павал Латушка таксама паведаміў, што па выніках польска-ўкраінскіх кансультацый, у якіх ён браў удзел, дамовіліся аб стварэньні адмысловай працоўнай групы:

«Для нас вельмі важная найперш камунікацыя, перадача інфармацыі аб рэальным стане рэчаў у Беларусі. Нам вельмі важна інфармаваць аб нашых падыходах да будучай пабудовы адносін».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG