Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Агульнаэўрапейскі дзень Памяці ахвяраў таталітарных і аўтарытарных рэжымаў; год таму — «Марш новай Беларусі»


Марш новай Беларусі, Менск, 23 жніўня 2020
Марш новай Беларусі, Менск, 23 жніўня 2020

Падзеі 23 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

23 жніўня 2018 году памёр Алесь Ліпай, паэт, журналіст, удзельнік нацыянальнадэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Алесь Ліпай выступае на Дне волі, Менск, 25 сакавіка 2018
Алесь Ліпай выступае на Дне волі, Менск, 25 сакавіка 2018

У 1988 годзе ў рэдакцыю газэты «Знамя юности» патэлефанавалі па камэнтар зь Мюнхэну, дзе тады месьцілася Радыё Свабода. Слухаўку падняў Алесь Ліпай.

У тым самым годзе ён стаў першым у Савецкім Саюзе карэспандэнтам Беларускай службы гэтага радыё. Тая падзея бачыцца глыбока не выпадковай.

Студэнт факультэту журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту Ліпай меў непрыемнасьці за выпуск вальналюбнай і вострай насьценгазэты «Лірнік».

Ён быў сябрам нонканфармісцкага Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», што пачало рэальна ўплываць і на літаратурнае, і на палітычнае жыцьцё рэспублікі. Сябры і калегі цанілі Алесевы цьвёрдыя нацыянальныя незалежніцкія каштоўнасьці, яго паэтычны слых, азарт і зацятасьць, укладаныя ў любую справу.

Ягоная далейшая біяграфія вартая кнігі.

У 1991-м Ліпай заснаваў першае ў краіне незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, якое перарасло ў кампанію з запатрабаваным у Беларусі і за мяжой мультымэдыйным кантэнтам. Ён стаў аўтарам беларускага перакладу падпісанай Станіславам Шушкевічам і Білам Клінтанам Дамовы пра вывад зь Беларусі ядравай зброі.

Перавёз з-за мяжы амаль паўтары тысячы кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай. Памятаеце выпадак, калі ў менскім дзіцячым садку ў закладнікі былі ўзятыя сямнаццаць малых ды іхнія выхавальніцы? Журналістам, што, рызыкуючы жыцьцём, браў у тэрарыста інтэрвію і адцягваў ягоную ўвагу, быў Алесь Ліпай.

Заведзеная супроць яго крымінальная справа выявілася дзіўным чынам блізкаю ў часе зь менскім мітынгам-канцэртам, прысьвечаным 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Генэральным партнэрам той яскравай падзеі быў БелаПАН, а Ліпай выступіў там, каля Опэрнага тэатру, з натхняльнай прамовай.

Кожнае неардынарнае таленавітае жыцьцё мае сваю непаўторную мэлёдыю. Найбольш выразна Алесева мэлёдыя чулася ў яго вершах. Аднойчы мы стаялі зь ім на пустэльнай праскай плошчы Сьвятога Вацлава, ён падняў вочы ў неба і пачаў чытаць:

У нябеснай бібліятэцы Божа перабірае кнігі. Лёгкія, як аблокі ў рэчцы, І грувасткія, быццам крыгі... Верш увайшоў у трэцюю і апошнюю прыжыцьцёвую кнігу «Абдымкі». На надмагільным помніку таксама ягоныя радкі: Я ўкрыжаваны лёсам на крыжы, Які завуць у сьвеце Беларусьсю... Прыносьце яму валошкі. Алесь любіў гэтыя кветкі. На Радыё Свабода ён выходзіў у эфір як Ясь Валошка.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.726-727.

У гэты дзень год таму

У Менску і іншых гарадах адбыліся «Маршы новай Беларусі» — адны з самых масавых акцыяў у 2020 годзе.

Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у палац Незалежнасьці на верталёце, ён выйшаў у бронікамізэльцы і з аўтаматам у руках.

У выпадку парушэньня парадку і спакою ў «сьвятых месцах» пратэстоўцы будуць мець справу з арміяй, заявіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

З тэлеканалу АНТ сышоў вядоўца і кіраўнік прэзыдэнцкага пулу журналістаў Дзьмітры Семчанка.

Дзясяткі тысяч людзей у Літве сталі ў жывы ланцуг ад Вільні да мяжы зь Беларусьсю.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што «сытуацыя ў Беларусі нармалізуецца» і што Расея ня будзе супраць любога рашэньня, якое прыме беларускае кіраўніцтва адносна дыялёгу са сваім народам.

Гэты дзень у гісторыі

476 — Адаакр, начальнік германскіх наймітаў на рымскай службе, скінуў рымскага імпэратара Ромула Аўгустула і абвясьціў сябе каралём. Фармальны канец існаваньня Заходняй Рымскай імпэрыі.

1430 — палякі сарвалі каранацыю вялікага князя літоўскага Вітаўта.

1572 — Барталамееўская ноч у Парыжы — масавае забойства пратэстантаў.

1939 — у Маскве быў падпісаны пакт аб ненападзе паміж СССР і Нямеччынай, вядомы як пакт Молатава-Рыбэнтропа.

Вячаслаў Молатаў і Іахім Рыбэнтроп, Масква, 23 жніўня 1939
Вячаслаў Молатаў і Іахім Рыбэнтроп, Масква, 23 жніўня 1939

1943 — Чырвоная армія разграміла немцаў у бітве на Курскай дузе.

1956 — савецкія танкі ўварваліся на вуліцы Будапэшту.

1989 — Акцыя «Балтыйскі шлях»: 2 мільёны чалавек у Латвійскай, Літоўскай і Эстонскай ССР, узяўшыся за рукі, сталі ўздоўж дарогі Вільнюс—Талін, дамагаючыся незалежнасьці сваіх рэспублік.

У гэты дзень нарадзіліся

1836 — Міхал Эльвіра Андрыёлі, мастак, удзельнік нацыянальнавызвольнага паўстаньня 1863–1864 гг., палітэмігрант і палітвысланец .

Андрыёлі падзяляў погляды таго крыла патрыётаў, якіх называлі «чырвонымі» — Кастуся Каліноўскага, Валера Ўрублеўскага, яшчэ адна го італійца па крыві й ліцьвіна па духу Ахіла Банольдзі, якія марылі пра дэмакратычныя зьмены, у выніку якіх народы былой Рэчы Паспалітай здолеюць самі вырашаць свой лёс.

Ён далучаецца да аддзелу аднаго з кіраўнікоў паўстаньня Людвіка Нарбута. Падзеі тых змагарных месяцаў абумовілі й патас, і рамантычную танальнасьць творчасьці Андрыёлі.

Здолеўшы пасьля паўстаньня ўцячы з турмы, мастак жыве ў Лёндане й Парыжы. Тым часам датуецца Міхал Андрыёлі імёны свабоды 89 ягоная выдатная графічная праца «Сьмерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.88-89.

1880 — Аляксандар Грын, расейскі пісьменьнік.

1917 — Пімен Панчанка, народны паэт Беларусі.

Пімен Панчанка
Пімен Панчанка

1974 — Сяргей Жадан, украінскі паэт.

У памяці

1847 — Ян Чачот, беларускі і польскі паэт, фальклярыст.

1954 — Васіль Русак, палітык, прадпрымальнік, выдавец, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня 1920 г., дзеяч даваеннай эміграцыі ў Літве і Чэхаславаччыне, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

Пасьля Слуцкага збройнага чыну Васіль ствараў партызанскія аддзелы на захопленай палякамі Віленшчыне, а затым з рэкамэндацыі прадстаўніцтва БНР у Коўне прыехаў вучыцца ў Праскую вышэйшую тэхнічную школу. Там, у чэскай сталіцы, ён атрымаў адукацыю, узяў шлюб з чэшкаю, напоўніцу выявіў свае шматстайныя здольнасьці.

Стаўшы пасьпяховым прадпрымальнікам, Русак кіраваў Праскім Беларускім нацыянальным камітэтам, зафундаваў часопіс «Іскры Скарыны» і, працягваючы традыцыю знакамітага палачаніна, наладзіў выданьне беларускіх кнігаў.

Сваім коштам ён рыхтаваў і высылаў у Лігу Нацыяў мэмарандумы ў абарону нацыянальных і сацыяльных правоў беларусаў

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.250-251.

1978 — Анатоль Астрэйка, паэт.

1987 — Міхась Стральцоў, пісьменьнік.

Міхась Стральцоў
Міхась Стральцоў

Ён і ў прозе, і ў паэзіі (але ў прозе ўсё ж найбольш) быў вытанчаны, аднак гранічна шчыры. Іранічны і самаіранічны, але з такім прыхаваным болем, што часам заходзілася душа.

У тыя задушлівыя гады ягоныя кнігі дыхалі кіслародам неўтаймоўнай інтэлектуальнай свабоды і «вострым пачуцьцём непазьбежнасьці страты ўсяго, што ёсьць пад гэтым небам» (Валянцін Акудовіч). За такое фатальна абвостранае адчуваньне жыцьця трэба было разьлічвацца.

У 1981-м Міхася зьняволілі ў лячэбна-працоўны прафілякторый. «Жыву, як выгнаны патрыцый...» — пісаў ён, гледзячы на нябёсы праз краты.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.364-365.

1997 — Вячаслаў Шыдлоўскі, навуковец, вязень ГУЛАГу, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х.

Спадар Вячаслаў фанатычна любіў кнігу, шануючы і песьцячы яе, як немаўлятка. Эксьлібрысы для ягонай бібліятэкі рабілі самыя масьцітыя беларускія графікі. А захапленьнем Шыдлоўскага была шытарская (пераплётная) справа. У 1979-м ён зрабіў аправы для ўсяго першага нелегальнага накладу дасьледаваньня Міколы Ермаловіча «Па сьлядах аднаго міту».

Ён верыў у незалежную Беларусь і сваю кнігу — спробу гістарычнага дасьледаваньня прычынаў і наступстваў таталітарнага рэжыму — адрасаваў найперш моладзі — «як папярэджаньне і засьцярогу ад паўтарэньня ідэалягічна-палітычнага апакаліпсісу».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.446-447.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG