Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка падняў на сьцяг тое, чаго крыху саромеліся ў СССР


Менск, 17 верасьня 2021
Менск, 17 верасьня 2021

Штучнае сьвята «Дзень народнага адзінства», уведзенае на патрэбу цяперашняй палітычнай каньюнктуры, паказвае, што рэжыму не хапае пазытыўных палітычных наратываў.

Сьцісла:

Улады прапаноўваюць народу глядзець не наперад, а назад.

  • Сумнеўна, што гістарычныя падзеі ў сёньняшнюю інфармацыйную эпоху могуць стаць мабілізуючым чыньнікам.
  • У СССР саромеліся акцэнтаваць увагу на падзеях 17 верасьня 1939 году, бо гэтая дата міжволі нагадвала — амаль два гады, з 1939 па 1941 год, СССР і фашысцкая Нямеччына былі саюзьнікамі.
  • Улады Беларусі спрабуюць сумясьціць ідэю аднаўленьня гістарычнай памяці пра фашысцкі генацыд і ідэю вызваленьня Заходняй Беларусі ў саюзе з гэтымі самымі фашыстамі.

Адпачатку лёгіка ўладаў была зразумелая. Акрамя рэпрэсій, трэба прапанаваць грамадзтву ці хаця б толькі сваім прыхільнікам нейкую мабілізуючую ідэю. Бо мабілізаваць людзей толькі на ідэйным грунце нянавісьці да пратэстоўцаў і на неабходнасьці захаваць уладу ў руках Лукашэнкі — гэта неяк вузка, прымітыўна.

Патрэбен быў нейкі станоўчы вобраз. І тут выявілася, што фантазія прыдворных ідэолягаў ня вельмі багатая. Яна зьвялася да таго, што пазытыўны вобраз трэба шукаць у гісторыі. То бок прапанаваць народу глядзець не наперад, бо самі ўлады разумеюць, што там нічога радаснага не відаць, а назад. Што само па сабе вельмі знамянальна.

У выніку прыдумалі два наратывы, якія наўрад ці можна лічыць новымі. Першае — гэта тэма фашысцкага генацыду беларускага народу падчас Другой сусьветнай вайны. І другі кірунак — вызваленьне беларусаў ад прыгнёту Польшчы ў 1939 годзе. Улады чамусьці вырашылі, што калі расказаць народу пра гэтыя падзеі, то людзі адразу палюбяць Лукашэнку.

На чым грунтуюцца такія ўяўленьні, што гістарычныя падзеі ў сёньняшнюю інфармацыйную эпоху могуць стаць мабілізуючым чыньнікам, сказаць цяжка. Але яны ўсяляк прапагандуюцца дзяржаўнымі мэдыя як сродак вярнуць давер грамадзтва да ўлады. Магчыма, спрацаваў расейскі досьвед, дзе тэма перамогі СССР у Вялікай Айчыннай вайне стала моцным ідэалягічным падмуркам палітыкі імпэрскага рэваншу.

Аднак у нашым выпадку ў саміх тэмах, гістарычных падзеях, якія былі ўзятыя для ідэалягічнай мабілізацыі, закладзена супярэчнасьць. Лукашэнка, разважаючы пра сьвята «Дзень народнага адзінства» 17 верасьня, казаў, што, маўляў, раней мы яшчэ з савецкіх часоў саромеліся сьвяткаваць гэты дзень аб’яднаньня Заходняй і Ўсходняй Беларусі, бо баяліся кагосьці пакрыўдзіць. Мелася на ўвазе — Польшчу, бо гэтая краіна была саюзьнікам СССР, часткай сацыялістычнага лягеру.

Але ў СССР саромеліся ня толькі гэтага. Рэч у тым, што акцэнтаваць увагу на падзеях 17 верасьня 1939 году было небясьпечна яшчэ з адной прычыны. Гэта міжволі нагадвала пра непрыемную акалічнасьць: амаль два гады, з 1939 па 1941, СССР і фашысцкая Нямеччына былі САЮЗЬНІКАМІ. Савецкая, а таксама сёньняшняя беларуская і расейская гістарыяграфія ўсяляк замоўчвала і замоўчвае гэты факт.

А вось Лукашэнка лічыць, што прыйшоў час перастаць саромецца. У выніку атрымліваецца парадокс. Ідэю аднаўленьня гістарычнай памяці пра нацысцкі генацыд і ідэю вызваленьня Заходняй Беларусі ў саюзе з гэтымі самымі нацыстамі, якія якраз і ўчынілі гэты генацыд праз два гады, спрабуюць сумясьціць. Атрымліваецца дзіўны сымбіёз.

Гэты парадокс сытуацыі тым большы, што сьвята народнага адзінства адбываецца ў момант найбольшага ў найноўшай гісторыі Беларусі грамадзкага расколу. Таму паміж афіцыйнай рыторыкай і рэальнасьцю існуе сапраўдная прорва.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG