Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казаскі прэзыдэнт Такаеў у артыкуле ў National Interest: Казахстан паважае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны


Касым-Жамарт Такаеў
Касым-Жамарт Такаеў

Нур-Султан, як і «пераважная большасьць краінаў сьвету», паважае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, гаворыцца ў артыкуле прэзыдэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева «Турбулентнасьць у Эўразіі не запаволіць прагрэс», апублікаваным у амэрыканскім выданьні National Interest 4 красавіка.

«Казахстан і Расея як дзяржавы, якія маюць найвялікшую ў сьвеце супольную мяжу, падтрымліваюць асаблівыя адносіны двухбаковага супрацоўніцтва. Разам з тым у нас склаліся глыбокія традыцыі сяброўскіх адносінаў з Украінай. Мы паважаем яе тэрытарыяльную цэласнасьць, як і пераважная большасьць краінаў сьвету», — гаворыцца ў артыкуле.

Такаеў у публікацыі называе ўварваньне Расеі ва Ўкраіну «вайной». У Расеі забараняюць ужываць гэтае слова ў дачыненьні да таго, што адбываецца ва Ўкраіне, называючы напад «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй».

Такаеў таксама напісаў, што спадзяецца на «хуткае і справядлівае ўрэгуляваньне канфлікту ў адпаведнасьці са Статутам ААН», і адзначыў, што падтрымліваў прамыя кантакты з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, заклікаючы да дыялёгу і мірнага ўрэгуляваньня. Казахстан гатовы і здольны працягваць сваю ролю міжнароднага пасярэдніка, заявіў Такаеў.

Кіраўніцтва Казахстану, якое ў першыя дні пасьля нападу Расеі на Ўкраіну не камэнтавала ваеннае ўварваньне, спрабуе апошнімі днямі дакладна акрэсьліць сваю пазыцыю, прынамсі для міжнароднай аўдыторыі. На мінулым тыдні першы намесьнік кіраўніка такаеўскай адміністрацыі Цімур Сулейменаў падчас візыту ў Брусэль у інтэрвію выданьню Euractive сказаў, што «Казахстан шануе тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны», што краіна «не прызнавала і не прызнае» ні анэксію Крыму, ні незалежнасьць сэпаратысцкіх «ДНР» і «ЛНР».

Сулейменаў заявіў таксама, што Казахстан, сябра Эўразійскага эканамічнага саюзу, ня стане дапамагаць Маскве і Менску абыходзіць санкцыі, накладзеныя Захадам у сувязі з уварваньнем расейскіх войскаў ва Ўкраіну.

Нур-Султан, даўні саюзьнік Масквы, сябра кіраваных Расеяй саюзаў АДКБ і ЭАЭС, ня выступіў з асуджэньнем агрэсіі суседа. Казахстан устрымаўся пры галасаваньні ў ААН па дзьвюх рэзалюцыях, якія патрабуюць вываду расейскіх войскаў з Украіны. 5 красавіка кіраўнік казахстанскага МЗС Мухтар Тлеўбердзі сказаў, што «ўстрымацца — гэта таксама пазыцыя», патлумачыўшы гэта «ўлікам нацыянальных інтарэсаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG