Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чарнігаве расейцы зьнішчылі лыжную базу, на якой раней ад абстрэлаў хавалася беларуская біятляністка Дар’я Блашко


Дар’я Блашко
Дар’я Блашко

У Чарнігаве ў выніку абстрэлаў расейскай арміі амаль цалкам зруйнаваная лыжная база, на якой праходзілі ўкраінскія спаборніцтвы і трэнаваліся вядомыя ўкраінскія спартоўцы, у тым ліку цяперашняя ўдзельніца зборнай Украіны ў біятлёне беларускага паходжаньня Дар’я Блашко.

Як паведаміў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом заслужаны трэнэр Украіны ў біятлёне Мікола Зоц, засталіся цалкам непрыдатныя трэнажоры і амуніцыя.

На гэтай базе цягам першых 10 дзён вайны хаваліся спартоўцы і трэнэры ад абстрэлаў. Перад вайной яна вярнулася ў Чарнігаў з Алімпійскіх гульняў у Пэкіне рыхтавацца да наступных спаборніцтваў.

«Жылі на базе, трэнаваліся два дні, а на трэці дзень пачалася вайна. Сэрца разрываецца, калі глядзіш на кадры і бачыш, што засталося», — сказала Дар’я Блашко ў інтэрвію тэлеканалу «Суспільне-ТБ».

Адзінае, што ўдалося ўратаваць, біятлённыя вінтоўкі з патронамі — іх схаваў трэнэр Мікола Зоц. Цяпер большасьць спартоўцаў выехалі за мяжу працягваць трэнавацца.

Дар’я Блашко на сваёй старонцы ў Instagram расказала, што першыя 10 дзён, нягледзячы на абстрэлы, на лыжнай базе было даволі бясьпечна да пэўнага часу. Потым яна яшчэ двойчы мяняла месцы, дзе хавалася ад абстрэлаў. У апошнім — у падвале 2 на 3 мэтры — хаваліся дзевяць чалавек, разам з адным дзіцем.

«Былі запальныя бомбы амаль ва ўпор, бо час між стрэлам і падзеньнем быў мінімальны для любой рэакцыі. Нават упасьці „тварам у падлогу“. Тым часам мы дапамагалі заклейваць вокны ў іншым доме. І гэта ў нейкай ступені нас выратавала, бо менавіта ў гэты дом снарад не прыляцеў. Але вакол усё проста палала. Частка людзей засталіся ў склепе іншага дома. Яны выпадковым чынам зразумелі, што дом гарыць і, на шчасьце, пасьпелі выскачыць. Але адна жанчына моцна абгарэла», — напісала Дар’я Блашко.

Дар’я Блашко разам са сваім трэнэрам Уладзімерам Махлаевым летам 2017 году абвясьцілі аб пераезьдзе ва Ўкраіну і плянах перайсьці ва ўкраінскую нацыянальную зборную, бо не змаглі дамовіцца з тагачасным штабам зборнай Беларусі пра мадэль і ўмовы падрыхтоўкі. У верасьні 2017-га прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб наданьні Дар’і Блашко ўкраінскага грамадзянства.

З 2019 году Дар’я Блашко атрымала магчымасьць выступаць за Ўкраіну. У асноўны склад зборнай Украіны яе ўключылі ў 2020 годзе.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG