Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны суд ААН заклікаў Ізраіль зрабіць захады для перадухіленьня генацыду ў Газе


Міжнародны суд ААН. Архіўнае фота
Міжнародны суд ААН. Архіўнае фота

Суд разглядаў пазоў Паўднёвай Афрыкі, якая заклікала прыняць меры абароны палестынцаў, заявіўшы, што гэта «пытаньне крайняй тэрміновасьці».

Як паведамляе Reuters, Міжнародны суд ААН 26 студзеня загадаў Ізраілю прыняць меры для перадухіленьня і пакараньня за прамое падбухторваньне да генацыду ў яго вайне ў Газе.

«Дзяржава Ізраіль зробіць усе захады ў межах сваіх паўнамоцтваў, каб не дапусьціць усіх дзеяньняў, якія ўваходзяць у сфэру артыкула II Канвэнцыі аб генацыдзе», — заявіў суд.

У пастанове значная большасьць калегіі з 17 судзьдзяў прагаласавала за тэрміновыя захады, якія ахопліваюць большую частку таго, што прасіла Паўднёвая Афрыка, за выключэньнем загаду аб спыненьні ізраільскіх ваенных дзеяньняў у Газе.

Суд загадаў Ізраілю ўстрымлівацца ад любых дзеяньняў, якія могуць падпадаць пад дзеяньне канвэнцыі аб генацыдзе, а таксама гарантаваць, што яго войскі не зьдзяйсьняюць ніякіх актаў генацыду ў Газе.

Паўднёвая Афрыка зьвярнулася ў суд з просьбай прыняць часовую меру абароны палестынцаў, заявіўшы, што гэта «пытаньне крайняй тэрміновасьці».

Ізраіль адхіліў абвінавачаньні, у нейкі момант падчас слуханьняў заявіўшы, што праводзіць аналёгіі з вайной Расеі ва Ўкраіне «абсурдна».

«Мы чакаем, што Міжнародны суд абвергне гэтыя лжывыя і надуманыя абвінавачаньні», — заявіў на брыфінгу 25 студзеня афіцыйны прадстаўнік урада Ізраіля Эйлан Леві.

Раней адвакаты Ізраіля сьцьвярджалі, што краіна робіць усё магчымае, каб абмежаваць уплыў на цывільнае насельніцтва сваёй барацьбы з ХАМАС, які быў прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй Злучанымі Штатамі і Эўразьвязам, і што ХАМАС і яго тактыка вядзеньня вайны зьяўляюцца вінаватым у росьце сьмяротнасьці сярод насельніцтва.

Паўднёвая Афрыка, якая абвінаваціла Ізраіль у зьдзяйсьненьні «сыстэматычных» актаў генацыду падчас канфлікту, просіць суд вынесьці надзвычайную пастанову, каб абараніць палестынцаў у сэктары Газа ад далейшай шкоды ў выніку вайны Ізраілю супраць ХАМАС.

Міністэрства аховы здароўя Газы, якім кіруе ХАМАС, паведамляе, што падчас кампаніі былі забітыя амаль 26 000 палестынцаў, большасьць зь якіх складалі жанчыны і дзеці.

Рашэньні Міжнароднага суду ня могуць быць абскарджаныя, але сам суд ня мае сродкаў для забесьпячэньня выкананьня сваіх рашэньняў.

Лідэры ХАМАС заявілі 25 студзеня, што яны будуць выконваць рашэньне суду аб спыненьні агню, калі Ізраіль зробіць тое ж самае. Яны таксама заявілі, што вызваляць усіх ізраільскіх закладнікаў у сэктары Газа, калі Ізраіль вызваліць усіх палестынскіх зьняволеных.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG