Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі аргкамітэт марксісцкай партыі аб'явіў аб стварэньні першых ячэек


Сяргей Вазьняк. Архіўнае фота
Сяргей Вазьняк. Архіўнае фота

Пасьля закрыцьця ўсіх апазыцыйных партый у Беларусі лідэры партыі левых «Справядлівы сьвет» вырашылі аднавіць дзейнасьць.

Аб «рэкрутынгу патэнцыйных сябраў» новай дэмакратычнай левай партыі і «стварэньні ячэек у раёнах сталіцы» паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook сустаршыня рэспубліканскага аргкамітэта арганізацыі Сяргей Вазьняк.

У ліку «першых задач» Сяргей Вазьняк таксама назваў «правядзеньне палітычнай вучобы ў кантэксьце падрыхтоўкі да Ўстаноўчага зьезду партыі».

Па словах Вазьняка, найбліжэйшым часам будуць створаны абласныя аргкамітэты партыі.

9 сьнежня 2023 года паведамлялася, што ў Менску сфармаваны аргкамітэт для стварэньня левай дэмакратычнай партыі, базавай ідэалёгіяй якой будзе марксізм.

Аргкамітэт узначалілі тры палітыкі: Сяргей Калякін – былы лідэр зьліквідаванай 29 верасьня Вярхоўным судом Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», Сяргей Вазьняк – экс-сябра цэнтральнага камітэта «Справядлівага свету», Аляксандар Бухвостаў – былы старшыня зьліквідаванай 2 жніўня 2004 году Партыі працы.

Як паведамляў «Позірк», сябры зьліквідаванага «Справядлівага сьвету» мелі намер стварыць новы палітычны рух, які будзе адстойваць «дэмакратычны і сацыялістычны шлях разьвіцьця дзяржавы і грамадзтва».

2 чэрвеня мінулага году партыя «Справядлівы сьвет» падала дакумэнты на перарэгістрацыю бязь сьпісу сяброў зь меркаваньняў бясьпекі, аднак 30 чэрвеня Міністэрства юстыцыі ёй у гэтым адмовіла. 26 верасьня Вярхоўны суд адхіліў скаргу на адмову ведамства перарэгістраваць партыю.

Улетку і ўвосень 2023-га скасавалі яшчэ дзесяць палітычных структур: Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю – БНФ, Беларускую патрыятычную партыю, Беларускую партыю «Зялёныя», партыю «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», Рэспубліканскую партыю, Сацыял-дэмакратычную партыю народнай згоды, Партыю БНФ, Абʼяднаную грамадзянскую партыю, Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю і Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю «Грамада».

У пачатку верасьня стала вядома, што Беларуская аграрная партыя знаходзіцца ў працэсе самаліквідацыі, у сьпісе зарэгістраваных палітычных сіл яе няма.

Перарэгістравалі праўладную Камуністычную партыю Беларусі, Лібэральна-дэмакратычную партыю, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці. Акрамя таго, зарэгістравалі максымальна ляяльную Аляксандру Лукашэнку партыю «Белая Русь».

У канцы 2022 года Лукашэнка заявіў, што «на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасьць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і замежнай палітыкі». У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які ўзмацніў жорсткасьць патрабаваньняў да палітычных сіл і абавязаў усе партыі, якія існуюць, прайсьці працэдуру перарэгістрацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG