Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніл Гілевіч: “Нам не ўдалося ўтрымацца на заваяванай вышыні”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 24 сакавіка).

Што пра Беларускую Народную Рэспубліку пісалася ў падручніках па гісторыі ўзору 1946 году? Чаму ў 1991 годзе Дзень Волі – 25 Сакавіка – ня быў зацьверджаны Вярхоўным Саветам як дзяржаўнае сьвята? Ці можа стаць 25 Сакавіка днём яднаньня апазыцыі з уладай? Пра гэта ды іншае ў гутарцы з народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічама.

Міхась Скобла: “Ніл Сымонавіч, вы нараджэньня паваеннага, у літаратуру прыходзілі на пачатку 1950-х, калі ўсё беларускае заганялася па ціхіх кутках ды вясковых школках. Калі вы ўпершыню пачулі, што ёсьць такая гістарычная дата – 25 Сакавіка?”

Ніл Гілевіч: “Думаю, гэта адбылося неўзабаве пасьля вайны, калі я вельмі зацікаўлена пачаў знаёміцца з матэрыяламі, што датычылі гісторыі Беларусі. Зразумела, з афіцыйнымі матэрыяламі. Быў і падручнік па гісторыі Беларусі, пасьля вайны адразу ж выйшаў, ён быў у нашай хаце. І вось у ім у сувязі з усталяваньнем савецкай улады ў Беларусі згадвалася і дата 25 сакавіка — вядома ж, у цалкам нэгатыўным кантэксьце, з асуджэньнем, як акцыя ворагаў беларускага працоўнага народу, якую зладзілі ідэолягі беларускага буржуазнага нацыяналізму. БНР падавалася як нешта страшнае для лёсу Беларусі. Дык вось, пра 25 Сакавіка я ўпершыню даведаўся у 15-16 гадоў. Ня буду гаварыць, што мне сёньня сорамна. Чаго ж тут саромецца… Горка, крыўдна, але доўгія гады я давяраў афіцыйнай ідэалёгіі і сапраўды думаў, што ў 1918-м нейкія незычліўцы, ворагі хацелі зла нашаму народу, выступалі супраць утварэньня БССР... І паварот у маёй сьвядомасьці адбыўся дзесьці ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў”.



Скобла: “Падчас вашага дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце ў 1991 годзе прымаўся Закон аб сьвяточных днях. Што перашкодзіла 25 Сакавіка стаць агульнадзяржаўным сьвятам?”

Гілевіч: “Гэта ўсё рабілася на маёй памяці і з маім удзелам. У 1991 годзе на верасьнёўскай сэсіі назва дзяржавы “Рэспубліка Беларусь” была зацьверджаная, герб “Пагоня” быў зацьверджаны, бела-чырвона-белы сьцяг быў зацьверджаны. Назву сталіцы не зацьвердзілі. Як я як старшыня парляманцкай камісіі і дакладчык па гэтых пытаньнях ні даказваў, што трэба “Менск” зрабіць, што “Мінск” нам насадзілі чужакі, — не прайшло. А сьвяты зацьвярджаліся на наступнай сэсіі, у кастрычніку. І мне зноў выпала быць дакладчыкам. У праекце закону была дата 25 сакавіка — як Дзень Рэспублікі. І не было ў тым сьпісе 7 лістапада. Бальшыня дэпутацкага корпусу, камуністы, былі пакрыўджаныя, абражаныя, і яны пачалі змагацца супраць 25 сакавіка і адначасова за тое, каб вярнуць 7 лістапада ў сьпіс дзяржаўных сьвятаў. Урэшце не прайшло ні тое, ні другое. Памятаю, як у траўні 1993 году пачаў са мною даверлівую размову дэпутат-камуніст Качан: “Вы, напэўна, ведаеце, што мы, камуністы ў Вярхоўным Савеце, рыхтуемся ўнесьці на разгляд сэсіі пытаньне аб тым, каб вярнуць у лік сьвятаў 7 лістапада. У нас да вас вялікая просьба: мы вас у свой час падтрымалі, падтрымайце вы нас. У крайнім выпадку, не выступайце супраць нашай ініцыятывы, не бярыце слова”. “Прабачце, — адказаў я, — вы не далі ўзаконіць Сьвята Рэспублікі — 25 сакавіка!” “Ну, — сказаў Качан, — гэта немагчыма было, каб мы, камуністы, галасавалі за сьвята БНР. Гэта немагчыма!”

Скобла: “І ўсё ж дзень 25 Сакавіка аднойчы сьвяткаваўся на дзяржаўным узроўні. Адбылося гэта на 75-я ўгодкі БНР, у 1993-м. Як такое магло стацца – сьвята бязстатуснае, а адзначалася як дзяржаўнае?”

Гілевіч: “Як бачыце, гэта было, значыць — магло быць. Можна гаварыць пра пэўнае двоеўладзьдзе ў тагачаснай Беларусі. Сьпікер Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, фактычна, галава дзяржавы, займаў адну пазыцыю, а прэм’ер-міністар Кебіч і бальшыня дэпутатаў у Вярхоўным Савеце — другую. Але на той час дэмакраты мелі моцную падтрымку грамадзкасьці, і выканаўчая ўлада адкрыта забараніць сьвяткаваньне 25 Сакавіка пабаялася. І сьвята было арганізавана найлепшым чынам. Я гэта добра памятаю, бо мне выпаў гонар яго адкрываць. Праходзіла ўрачыстая вечарына ў вялікай залі філярмоніі. У прэзыдыюме — Станіслаў Шушкевіч, Васіль Быкаў, натуральна, быў Зянон Пазьняк. Прысутнічалі і госьці — старшыня Рады БНР Язэп Сажыч, наш знакаміты сьпявак Данчык… Заля была перапоўненая, і партэр, і ўсе бальконы. І што рабілася ў залі! Як слухалі! Якія былі воплескі!.. Як усімі адчувалася — якое гэта вялікае ўсенароднае сьвята! Што было далей — мы ведаем. Нам не ўдалося ўтрымацца на той вышыні, якая ўжо была заваяваная”.

Скобла: “Дата 25 Сакавіка знайшла сваё адлюстраваньне ў беларускай літаратуры — найперш у паэзіі беларускай эміграцыі: Натальлі Арсеньневай, Міхася Кавыля, Уладзімера Дудзіцкага... Не абміналі гэтай тэмы і пісьменьнікі Заходняй Беларусі. А ці згадваўся Сакавік 1918-га ў літаратуры БССР?”

Гілевіч: “Згадваўся ў літаратурнай публіцыстыцы 20-х гадоў, найперш у часопісе “Полымя рэвалюцыі”. Ацэнка давалася нэгатыўная, станоўчай ацэнкі проста не магло быць. Майце на ўвазе, што літаратары, якіх цікавіла гістарычная тэма, былі вымушаныя прслухоўвацца да голасу ідэолягаў, да голасу афіцыйных гісторыкаў. Гістарыяграфія Беларусі ХХ стагодзьдзя водападзелам мела адносіны да БНР. Панавала думка, што беларускі народ не прыняў гэтай падзеі, лічыў яе чужой. І пісьменьнікі мусілі ісьці за афіцыёзам. Хоць завуалявана гэтая тэма праходзіла. Скажам, у паэзіі Янкі Купалы. А так — “прыняў ці не прыняў народ Беларускую Народную Рэспубліку?” “Не прыняў!” — у тысячы глотак крычалі афіцыйныя ідэолягі, публіцысты, навукоўцы. Ну, а хто ж мог дазволіць пісьменьнікам ухвальна адазвацца пра БНР? Адразу пасьледавала б пакараньне, і вельмі жорсткае”.

Скобла: “А як ставіліся да Акту 25 Сакавіка старэйшыя пісьменьнікі? Ня ў друку, зразумела, а ў прыватных гутарках?”

Гілевіч: “Хто са старэйшых мог расказаць мне, маладому чалавеку, пра БНР? Усе баяліся. Але, вось ведаеце, дзіўна… Нешта недзе прасочвалася. Я памятаю, паэт Сяргей Дзяргай пару разоў да тэмы разгрому нацыянальнай інтэлігенцыі вяртаўся. Ну, і пытаньні ўзьнікалі. Як яны маглі не ўзьнікаць? 1946 год. На гарышчы хаты майго вясковага сябра мы знайшлі старыя беларускія газэты, дзе былі зьмешчаныя вершы Тодара Кляшторнага, Цішкі Гартнага… Я ня чуў пра такіх пісьменьнікаў, дзе яны падзеліся? Памятаю, як Зінаіда Бандарына вывела мяне ў сквэр, селі на лаўку. І пытае (а быў 1954 год): “Ці чыталі вы што-небудзь Дубоўкава?” Я пахітаў адмоўна галавою. І яна мне пачынае чытаць па памяці “О Беларусь, мая шыпшына…” І чытае да канца ўвесь верш. Я быў проста агаломшаны — такое моцнае ўражаньне зрабіў на мяне гэты твор. Вось бачыце, якімі ручаёчкамі, па якіх нейкіх нітачках праходзіла ў душу маладога чалавека тэма “нацдэмаў”, тэма змаганьня за Беларусь.

Ужо недзе на мяжы 50—60 гадоў я пазнаёміўся з Васілём Быкавым, і мы вельмі лёгка адразу сышліся. Ён мне расказваў пра рэчы, якія аніяк ня ўкладваліся ў рамкі афіцыйнай ідэалёгіі. Пытаю: “Адкуль табе гэта вядома?” А ён: “І ты можаш пра ўсё гэта даведацца, калі маеш прыймач. Круці ноччу прыймач і слухай “Свабоду”. Прыслухаўшыся да яго парады, я з таго часу і слухаю “Свабоду”.

Скобла: “А ці памятаеце вы той дзень, калі ўпершыню сталі пад бел-чырвона-белы сьцяг?”

Гілевіч: “Думаю, адбылося гэта 19 верасьня 1991 году ў залі Вярхоўнага Савету, калі сьцяг унесьлі. Хоць, можа, і раней — я ж хадзіў на мітынгі, часам выступаў на іх. У кожным разе хай будзе багаславёны той дзень, калі я стаў пад гэты сьцяг. Ведаеце, калі бела-чырвона-белы сьцяг быў узьняты над будынкам былога ЦК КПБ, я жыў праз вуліцу. І мая жонка Ніна Іванаўна, бывала, вечарам, кажа: “Адзявайся! Пойдзем”. “Куды?” “Пайшлі! Менш гавары”. Ну, калі так настойвае… Я вельмі паважаў жонку, ну, не ў карчму яна мяне запрашае. Значыць, нешта вельмі сур’ёзнае задумала. Выходзім да Купалаўскага тэатру. І Ніна Іванаўна штурхае мяне пад локаць: “А цяпер паглядзі”. А над будынкам на ветры ў сьвятле пражэктараў палошчацца вялікі бела-чырвона-белы сьцяг! І жонка зноў: “Во дажыліся, дачакаліся! Віншую!”

Скобла: “Прыкладна за месяц да 25 Сакавіка ў Менску зьявіліся налепкі і адозвы, якія заклікалі прыходзіць на Плошчу і тых, хто, умоўна кажучы, стаіць пад чырвона-зялёным сьцягам – сьцягам сёньняшняй беларускай улады. Маўляў, прыйшоў час яднацца. Як вы ставіцеся да такога “яднаньня”?

Гілевіч: “Я — за яднаньне нацыі, за еднасьць беларускага народу. Але пры адной катэгарычнай умове: яднаньне павінна адбывацца на грунце нацыянальнай ідэі, свабоды, незалежнасьці, сувэрэнітэту, пры ўмове вяртаньня нашай нацыянальнай сымболікі, сапраўднай дзяржаўнасьці беларускай мовы. Але сьмешна гаварыць пра яднаньне, стоячы на дыямэтральна супрацьлеглых пазыцыях. У Беларусі сёньня пры ўладзе знаходзіцца антынацыянальны, антыбеларускі рэжым. А як яго іначай назваць, калі я тыднямі па БТ ня чую беларускай мовы, ня бачу перадачаў, дзе б гаварылася праўда пра нашую гісторыю, у тым ліку й пра БНР, пра Акт 25 Сакавіка. А калі гэтага нічога няма, то якое можа быць яднаньне? З кім? Усе народы ў сьвеце, наколькі я ведаю гісторыю, аб’ядноўваліся ўрэшце на грунце нацыянальнай ідэі. Нават калі знаходзіліся пад ня самымі прагрэсіўнымі рэжымамі. Дык чаму мы не змагаемся за нацыянальныя інтарэсы, як, напрыклад, змагаўся ўкраінскі народ на майдане? Давайце з гэтага пачнём. Па-за гэтым мне вельмі сумнеўнай здаецца любая палітычная дзейнасьць — і правых, і левых. Нас можа зьяднаць толькі беларуская нацыянальная ідэя. Толькі зьяднаныя гэтай ідэяй, мы дойдзем да беларускай Беларусі.

Натхнёныя сьвятлом Хрыстовай веры, Мы выйдзем, вымкнем на прастор-разлог! І грымнуць долу д’яблавы хімэры! І блаславіць нас на змаганьне Бог!

І запануе воля ў нашым стане, Жыцьцё памкне свабодна, як рака. І першым сьвятам Бацькаўшчыны стане Дзень Дваццаць Пятага Сакавіка!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG