Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кляштар бэрнардынаў не пераробяць на гатэль з басэйнам?


Іна Студзінская, Менск У Менску прыпынілі праектна-вышуковыя работы, што папярэднічалі перабудове былога кляштару бэрнардынаў у гатэльна-забаўляльны цэнтар. Камітэт дзяржкантролю і Генэральная пракуратура праводзяць комплексную праверку — ці не парушалася заканадаўства ў галіне захаваньня гістарычна-культурнай спадчыны.

28 жніўня аргкамітэт для стварэньня партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” атрымаў адказ з Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму, які падпісаў старшыня камітэту Ўладзімер Нікіцін.

Апавядае каардынатар Павал Наздра:

“Адказ на афіцыйным блянку з зыходным нумарам ад 23 жніўня 2007 году. У ім гаворыцца, што “ў цяперашні час прыпыненая вытворчасьць праектна-вышуковых работ па аб’екце рэканструкцыі і рэстаўрацыі будынкаў №6 і 8 па вуліцы Кірылы і Мятода зь пераабсталяваньнем пад гатэль і гандлёва-бытавыя аб’екты. Менгарвыканкам вывучае магчымасьць перапрафіляваньня комплексу пад гістарычна-культурны аб’ект”.

Атрымаць канкрэтную інфармацыю непасрэдна ад чыноўнікаў Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва — што ўрэшце будзе з помнікамі архітэктуры, ці перададуць будынкі касьцёлу сьвятога Язэпа і кляштару бэрнардынаў вернікам — не атрымалася. Усе чыноўнікі спасылаюцца на тое, што занятыя цяпер сьвятам гораду.

Начальнік упраўленьня добраўпарадкаваньня і гарадзкога дызайну Камітэту архітэктуры Аляксандар Андрончык сказаў:

“У мяне такой афіцыйнай інфармацыі няма. Проста, напэўна, дасьледаваньні навукова-вышуковыя саміх помнікаў працягваюцца. Напэўна... А тое, што тычыцца праектаваньня, рэканструкцыі — гэта прыпынена.

Але што будзе далей, у мяне проста няма такой інфармацыі. Не магу пацьвердзіць. І цяпер вам ніхто ня зможа сказаць, таму што мы цяпер усе займаемся падрыхтоўкай да сьвята гораду. Нікога, хто можа нешта сказаць, на месцы няма”.

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч паведаміў, што таварыства дамаглося, каб Генэральная пракуратура і Камітэт дзяржкантролю пастанавілі праверыць, ці няма парушэньняў у захаваньні гістарычна-культурнай спадчыны:

“Неўзабаве —мне ўжо ператэлефаноўвалі — у Камітэце дзяржкантролю адбудзецца пашыраная нарада з прадстаўнікамі пракуратуры, Міністэрства культуры, Менгарвыканкаму і грамадзкасьці. Кляштар бэрнардынаў — гэта толькі адна кропачка, але там сапраўды хочуць шукаць альтэрнатыву першапачатковаму праекту”.

Карэспандэнтка: “Але ёсьць спадзеў, што ўсё ж такі гатэлю з басэйнам там ня будзе?”

Астаповіч: “Я гэта магу сказаць толькі пасьля нарады. Нарада павінна адбыцца ў наступныя два тыдні”.

Акцыі ў падтрымку кляштару бэрнардынаў і касьцёлу святога Язэпа праходзяць у Менску ўжо на працягу некалькіх апошніх гадоў. Дваццаць тысяч подпісаў у абарону гістарычнай спадчыны даслалі Аляксандру Лукашэнку. Грамадзкасьць накіравала зварот да папы рымскага Бэнэдыкта XVI з заклікам дапамагчы вярнуць касьцёл вернікам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG