Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатка на старшыню БНФ Дамаскіна: «Я не Мядзьведзеў, я іду на два тэрміны»


Кандыдатка на старшыню БНФ Дамаскіна: «Я не Мядзьведзеў, я іду на два тэрміны»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:46 0:00

Кандыдатка на старшыню БНФ Дамаскіна: «Я не Мядзьведзеў, я іду на два тэрміны»

Госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — магчымая будучая лідэрка БНФ Вольга Дамаскіна. Яна расказвае, як мяркуе ўзьняць імідж БНФ, тлумачыць, чаму яе нельга параўноўваць зь Мядзьведзевым пры Пуціну, і адказвае на «традыцыйнае» пытаньне, ці фэміністка яна. З Вольгай Дамаскінай гутарыў Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Госьця сёньняшняга эфіру — кіраўніца інфармацыйна-культурнага цэнтру «ІніцыАрт» у Наваполацку Вольга Дамаскіна, магчымая будучая лідэрка БНФ. Вядома, што ў кіраўніцтва партыі ёсьць згода і кансэнсус менавіта вас вылучыць на пасаду старшыні БНФ. Зьезд будзе 30 верасьня. Як гэта адбывалася? Ц гэта была ваша ініцыятыва, ці вам калегі па партыі паведамілі і прапанавалі стаць старшынёй БНФ?

Дамаскіна: Такога «паведамленьня» не было. Ісьці на старшыню БНФ — гэта выключна маё ўласнае рашэньне. Канечне, я як сябра партыі паведаміла пра гэта кіраўніцтву, і спадзяюся, што Аляксей Янукевіч падтрымае мяне.

Цыганкоў: Зь якой праграмай вы ідзяце на сваё абраньне? У вас будуць новыя рэвалюцыйныя ідэі, ці вы лічыце, што галоўнае — гэта пераемнасьць курсу?

Дамаскіна: Партыя БНФ — гэта жывы арганізм, і ён патрабуе пэўнай карэкцыі. І гэта, безумоўна, адбудзецца. Найперш трэба падвысіць прафэсійны і інтэлектуальны ўзровень партыі. БНФ павінна ўзьняць свой імідж, галоўнае — гэта праца з моладзьдзю. Увогуле, я лічу, што апазыцыі трэба вярнуць сабе моладзь і зрабіць апазыцыю для моладзі цікавай.

Цыганкоў: Гэта прыгожыя словы. Але як гэта зрабіць? Хіба ёсьць сёньня аб’ектыўныя абставіны ў беларускім грамадзтве, каб моладзь цікавілася апазыцыйнай палітыкай?

Дамаскіна: Напэўна, гэта найперш адукацыйныя мерапрыемствы для моладзі. Працаваць з грамадзтвам, расказваць, чым добрая партыя БНФ. Падтрымліваць яркую моладзь у рэгіёнах — гэта будзе маёй галоўнай праграмай.

Цыганкоў: Як вы ацэніце палітычную спадчыну Аляксея Янукевіча за гэтыя гады, што ён кіраваў БНФ?

Дамаскіна: Пра кожнага кіраўніка БНФ можна сказаць пра ягоны ўклад у разьвіцьцё партыі. Былі і хібы, і добрыя моманты. Усё гэта база, якая пяройдзе і далей.

Цыганкоў: Давайце больш канкрэтна. Калісьці Аляксей казаў у сваіх інтэрвію, што БНФ павінен вырасьці ў масавую партыю, стаць лідэрам сярод апазыцыйных сілаў. Наўрад ці можна канстатаваць, што гэта адбылося. Гэта сур’ёзны мінус? Ці будзеце вы ў сваім выступе на зьезьдзе крытыкаваць папярэдняе кіраўніцтва?

Дамаскіна: Сёньня я ня буду пра гэта казаць. Калі я буду старшынёй, тады і будзем вырашаць такія пытаньні па ходу паступленьня.

Цыганкоў: Цяперашні старшыня БНФ Аляксей Янукевіч паводле Статуту партыі ня можа балятавацца на трэці тэрмін, таму партыі спатрэбіўся новы кіраўнік. Але ці не адчуваеце вы сябе гэткім Дзьмітрыем Мядзьведзевым, які пабыў на пасадзе прэзыдэнта Расеі 4 гады, а потым зноў саступіў гэтае месца Пуціну?

Дамаскіна: Канечне, не. Я спадзяюся, што калі мае калегі мяне падтрымаюць на зьезьдзе, мы будзем працаваць, і гэта ня будзе як пераходны этап, як вы казалі пра Мядзьведзева.

Цыганкоў: То бок вы прыходзіце «ўсур’ёз і надоўга»?

Дамаскіна: Так, на два тэрміны.

Цыганкоў: Што вы думаеце пра правацэнтрысцкую кааліцыю? БНФ туды не ўваходзіць, але існуе думка, што паводле палітычных прынцыпаў якраз БНФ там самае месца. Вы, сярод іншага, і актывістка руху «За свабоду». Як вы лічыце, ці трэба БНФ уваходзіць у гэтую кааліцыю?

Дамаскіна: Гэта было калегіяльнае супольнае рашэньне. І, я лічу, яно было правільным.

Цыганкоў: То бок БНФ настолькі моцны і папулярны, што можа быць асобнай самастойнай палітычнай сілай?

Дамаскіна: Мы гатовыя супрацоўнічаць з тымі, хто падзяляе нашы інтарэсы. Я лічу, што па нейкіх пытаньнях мы можам уваходзіць у кааліцыі — але толькі тады, калі гэта супадае з нашымі інтарэсамі.

Цыганкоў: Вы жывяце ў Наваполацку. Вы ж у выпадку абраньня лідэрам БНФ не зьбіраецеся пераяжджаць у Менск?

Дамаскіна: Не.

Цыганкоў: Як вы мяркуеце адтуль кіраваць партыяй?

Дамаскіна: Полацак заўсёды быў калыскай беларускай дзяржаўнасьці. Чаму б не зрабіць яго сталіцай беларускага палітычнага жыцьця?

Гэта жарт, вядома. Але калі сур’ёзна — я не лічу, што ў гэтым ёсьць праблема. Цяпер дастаткова сродкаў камунікацыі, каб апэратыўна вырашаць нейкія пытаньні. З Наваполацку ў Менск можна даехаць за тры гадзіны.

Я разумею, што пасада старшыні патрабуе больш бываць тут, у Менску. Але я не лічу гэта для сябе праблемай, гэта ня зьменіць кардынальна маё жыцьцё.

Цыганкоў: Ведаеце, часам, каб зачапіць шмат пластоў і раскрыць суразмоўцу, ня трэба прыдумляць нейкае складанае мудрагелістае пытаньне. Дастаткова проста спытаць — «ці лічыце вы сябе фэміністкай»?

Дамаскіна: Перш за ўсё ў мужчынах і жанчынах я бачу асобу, для мяне няма розьніцы па палавой прыкмеце. Цяжка канкрэтна сказаць, фэміністка я ці не. Тут ужо можна далей праводзіць аналёгіі, бо ёсьць фэміністкі радыкальныя, лібэральныя, вельмі шмат розных.

Мы, і мужчыны і жанчыны — гэта асобы, якія маюць права на сваю думку, свае погляды, і гэтае права павінна паважацца грамадзтвам. Ня важна, мужчына ты ці жанчына. Няма такіх праблемаў, якія можна назваць толькі жаночымі ці толькі мужчынскімі...

Цыганкоў: Ну, гэта значыць, што вы не фэміністка. Бо яны лічаць, што ёсьць асобныя жаночыя праблемы і што жанчыны менавіта як жанчыны дыскрымінуюцца грамадзтвам...

Дамаскіна: Мы з мужчынамі ня ворагі. Мы партнэры, мы можам дамаўляцца і будзем дамаўляцца і разам рабіць добрую справу. Галоўнае — што ў нас у галаве, якія ідэі.

Цыганкоў: Як, па-вашаму, вашае магчымае абраньне можа паўплываць на беларускі і міжнародны імідж БНФ? Бо гістарычна многія ўспрымаюць БНФ як даволі кансэрватыўную палітычную сілу.

Дамаскіна: Толькі станоўча паўплывае. Мы мяняемся. Я не лічу, што можа быць нейкая праблема ў тым, што жанчына стала старшынёй БНФ.

Цыганкоў: Я якраз бачу тут толькі пазытыўны ўплыў. Абраньне жанчыны на пасаду старшыні БНФ — гэта станоўчы і нават мудры крок.

Дамаскіна: Будзем спадзявацца, зьезд гэта вырашыць.

Цыганкоў: Пасьля таго як у вузкіх колах стала вядомая інфармацыя, што вы будзеце вылучацца — якую рэакцыю вы атрымалі? Ці былі і нэгатыўныя водгукі?

Дамаскіна: Нэгатыўных не было. Наадварот, мяне падтрымалі і сябры, і калегі, і сям’я. Без падтрымкі сям’і я б не наважылася ісьці гэтым шляхам.

Цыганкоў: Як вы бачыце на сёньня галоўную задачу апазыцыйных сілаў? Ідзе дыскусія наконт рэвалюцыйнага і эвалюцыйнага падыходу. Ці лічыце вы, што трэба ісьці на выбары, ці трэба быць у жорсткай апазыцыі да любых дзеяньняў улады?

Дамаскіна: Тое, што варта ісьці на выбары — гэта адназначна. Зараз пачынаецца складаны і цікавы пэрыяд — выбары мясцовыя, парлямэнцкія, прэзыдэнцкія. Магчыма, будуць нейкія новыя моманты і кампаніі, якія мы якраз абкатаем на гэтых мясцовых выбарах.

Ці супрацоўнічаць з уладай? Здаецца, пытаньне ў тым, ці гатовая сама ўлада супрацоўнічаць з апазыцыяй. Мы можам прапаноўваць ім свае паслугі і дапамогу — але на самой справе яны не гатовыя.

Цыганкоў: Пару словаў пра ваш палітычны характар. Ці вы чалавек жорсткай, аўтарытарнай волі? Ці вы больш схільныя да кампрамісаў, кансэнсусу?

Дамаскіна: Цяжка сябе хваліць, але я чалавек, які не прымае рашэньні, грукаючы кулаком у стол. Я буду ўзважваць, выслухоўваць усе думкі. Я ўмею слухаць, чуць, што кажуць іншыя людзі. Але напэўна, калі патрэбна, я магу і жорстка прыняць нейкае рашэньне.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG