Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абарону Курапатаў зьбіраюцца трымаць прынамсі да панядзелка. Але рашэньне агучаць на мітынгу


Сьпявае Анатоль Кудласевіч
Сьпявае Анатоль Кудласевіч

Абаронцы Курапатаў сочаць за тым, які будаўнікі вывозяць сваю маёмасьць з будпляцоўкі ў Зялёным Лузе і заяўляюць, што зьбіраюцца заставацца тут да панядзелка.

Раніцай у лягер прыйшоў бард Анатоль Кудласевіч. Ён раней начаваў тут і сёньня прыйшоў падтрымаць абаронцаў Курапат. Анатоль кажа, што задаволены тым, што будаўнікі прыбіраюць бэтонныя пліты з пляцоўкі, але думае, што гэта часовая перамога:

«Трэба тут заставацца, пакуль не зьнясуць агароджу і пакуль ня вернуць статус ахоўнай зоны».

Сяргей Пальчэўскі, які на мінулым тыдні прыкаваў сябе да «МАЗа» будаўнікоў, быў у лягеры і мінулай ноччу. Колькі начэй ён адбыў тут, не лічыў.

Зьміцер Дашкевіч кажа, што кожны раз дадаюцца новыя людзі. Дашкевіч паведаміў Свабодзе, што рашэньне пра лёс намётавага мястэчка абвесьцяць сёньня пасьля мітынгу, заплянаванага на 18.00.

Вячаслаў Сіўчык прыйшоў да абаронцаў сёньня а 7-й раніцы. Ён лічыць, што трэба трываць да панядзелка. Бо ў панядзелак стане зразумела, скончыцца будаўніцтва ці не:

«Калі ў панядзелак агароджу будуць зносіць, гэта будзе сур’ёзна».

Зьміцер Захарэвіч начаваў у лягеры; кажа, што ўсю ноч ня спаў, быў на варце:

«Галоўная патрэба — гэта дровы, харчы ёсьць, не хапае пітной вады. Ня варта расслабляцца, бо, нягледзячы на тое, што з будоўлі вывозяць будматэрыялы, трэба тут заставацца ўдзень і ўначы, каб забудоўнік бачыў, што абарона не расслабляецца.

Мы заклікаем прыходзіць на мітынг, каб улады ўбачылі, што праблема турбуе ня толькі мясцовых жыхароў, але і менчукоў наогул. Справа абароны мэмарыялу стала агульнанацыянальнай, бо ў намётавым гарадку былі людзі з Пухавічаў, Гомелю, Ліды, Вялейкі, Баранавічаў, Воршы, Мядзельскага раёну, Асіповічаў, Барысава, Жодзіна ды іншых мясьцінаў Беларусі».

Андрэй Катляроў
Андрэй Катляроў

Андрэй Катляроў прыехаў зь вёскі Старлыгі Мядзельскага раёну. Ён кажа, што ў Курапацкім лесе пахаваны ягоны прадзед:

«Калі дазволяць будаваць тут, то потым дазволяць і на касьцях майго прадзеда, які ляжыць тут з 1938 году. Мае сваякі падтрымалі рашэньне паехаць на дапамогу абаронцам. Буду заставацца тут, пакуль не зьнясуць агароджу. Да таго ж могуць распачаць будоўлю зноў».

Лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч таксама перакананы, што нельга абаронцам і намётаваму мястэчку згортвацца, пакуль ня будзе ліквідаваная будоўля і разраўнаваная пляцоўка:

«Патрэбна рашэньне, што тут нельга нічога будаваць, што тэрыторыя мае статус ахоўнай зоны, толькі тады можна лічыць што праблема вырашаная».

Абаронцы кажуць, што маюць намер пасадзіць тут дрэвы і добраўпарадкаваць пляцоўку пасьля таго, як пляцоўка вызваліцца.

На будаўнічай пляцоўцы спакойна, тэхніка зьехала, на пляцоўцы яшчэ засталіся бэтонныя пліты, там жа знаходзіцца некалькі рабочых за зачыненымі варотамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG